УСЯСЬВЕТНЫ БАНК ЗМАГАЕЦЦА СА СНІДАМ І СУХОТАМІ Ў БЕЛАРУСІ

Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміў Люка Барбонэ, мэта ягонага візыту ў Менск — прадставіць новага кіраўніка місіі Ўсясьветнага банку ў Беларусі Вадзіма Вароніна. Спадар Варонін ужо ў студзені распачне працу на новай пасадзе. Адначасова дэлегацыя Ўсясьветнага банку, паводле словаў спадара Барбонэ, абмеркавала з кіраўнікамі ўраду і Нацыянальнага банку пытаньні стратэгічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

(Барбонэ: ) “У прыватнасьці, мы абмяркоўвалі пытаньне праекту барацьбы з распасюдам СНІДу і сухотаў у Беларусі. Гэты праект распрацоўваецца ўжо доўгі час. Гэта сур’ёзная праблема глябальнага характару. І я думаю, што калі будуць прадастаўленыя сродкі Ўсясьветнага банку, Беларусь зможа больш эфэктыўна змагацца з гэтай праблемай. У мінулым з гэтым праектам былі цяжкасьці і затрымкі. Рэч у тым, што праект па СНІДу і сухотах — першы ў стратэгіі супрацоўніцтва зь Беларусьсю. І калі ён ня будзе рэалізаваны, то на іншыя мы ня будзем даваць дапамогу”.

Як было зазначана, гэтая пазыцыя Ўсясьветнага банку цьвёрдая і перагляду не падлягае.

Як стала вядома, беларускі ўрад адрэагаваў на жорсткае папярэджаньне Ўсясьветнага банку. Ён выказаў гатовасьць да кампрамісу. Аднак канчатковае ўрэгуляваньне супярэчнасьцяў адклалі на студзень.