Паводле падлікаў намесьніка дырэктара Інстытута Эўропы Расейскай Акадэміі навук Сяргей Караганава, Расея штогод бязвыплатна перадае Беларусі паўмільярда даляраў. Але цяпер Масква можа спыніць такую дапамогу. Гаворыць Сяргей Караганаў:
(Караганаў: ) “Калі Беларусь ня пойдзе шляхам хутчэйшай прыватызацыі, дык рана ці позна людзі ў Расеі, якія цяпер падтрымліваюць лінію на збліжэньне зь Беларусьсю, вымушаныя будуць спыніць такую падтрымку… Мы ня можам ня бачыць адрозьненьняў паміж эканамікой Беларусі й эканомікай Расеі, якія ўвесь час павялічваюцца. Мы можам казаць колькі заўгодна пра інтэграцыю, але сацыялістычная і капіталістычная эканомікі не інтэгруюцца. Больш за тое, гэта немагчыма”.
З вуснаў расейскіх палітыкаў сёньня прагучалі сур’ёзныя папрокі ня толькі на адрас беларускіх дэпутатаў, але і выканаўчай улады. Расейцы ня могуць зразумець, чаму беларускія ўлады байкатуюць шматлікія прапановы расейскага прыватнага бізнэсу, чаму Расея займае толькі восьмае месца ў сьпісе інвэстараў беларускай эканомікі.
Наколькі рэальныя такія пагрозы з боку Масквы? Ці ня ёсьць гэта толькі чарговым папярэджаньнем, пасьля якога нічога ня зьменіцца? На гэтыя пытаньні адказвае былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір.
(Чыгір: ) “Ёсьць у Расеі такое паняцьце як “паўночны завоз”, які патрабуе велізарных выдаткаў. І ёсьць беларускі завоз, які таксама патрабуе вялікіх бюджэтных стратаў для Расеі. Па-першае, нам даюць зьніжкі на газ штогод на 400–500 мільёнаў даляраў. Па-другое, так званыя тэхнічныя крэдыты, якія на самой справе ніколі для Расеі ня вернуцца. У Расеі ёсьць свае праблемы і яны хочуць, у першую чаргу вырашаць іх, а не беларускія. Калі зьмяненьняў ня будзе, дык Расея будзе фінансаваць Беларусь пастаянна — ці то ў саюзе, ці то без саюзу”.
На прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік расейскай дэлегацыі Ўладзімер Лукін і Сяргей Караганаў зноў нагадалі пра неабходнасьць хуткіх зьменаў у Беларусі. У прыватнасьці, спадар Караганаў сказаў, што ў 1996 годзе меншасьць расейцаў выступала супраць прэзыдэнта Беларусі. Цяпер жа колькасьць жыхароў Расеі, якім не падабаецца Лукашэнка, павялічылася.
А Ўладзімер Лукін сказаў, што, на ягоны погляд, лёзунг “Беларусь з Расеяй — разам у Эўропу” больш патрэбны Беларусі, чым Расеі.