ЦІ РЫХТУЮЦЦА НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ ПЕРАЙСЬЦІ ПОЛЬСКУЮ МЯЖУ ТЫСЯЧЫ АФРААЗІЯТАЎ?

Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Лідзе разьмяшчаецца і памежны атрад, які ахоўвае мяжу зь Літвой. Як сьцьвярджае інфармаваная крыніца, парушальнікаў памежнікі па-ранейшаму ўтрымліваюць ў сябе да моманту дэпартацыі. Тэарэтычна часова разьмесьціць на тэрыторыі вобласьці тысячы ўцекачоў — справа цалкам рэальная, бо засталося нямала пакінутых вайсковых гарадкоў, з казармамі ды іншымі пабудовамі. Нярэдка яны знаходзяцца ў лясной мясцовасьці.

Значна часьцей уцекачы імкнуцца перайсьці менавіта літоўскую мяжу, а ня польскую, якая ахоўваецца, як і ў савецкі час. Такія групы памежнікі затрымліваюць даволі рэгулярна. Часьцей за ўсё яны невялікія, налічваюць ад 7 да 20 чалавек.

Паводле інфармаванай крыніцы, польскую мяжу фактычна ахоўваюць беларускія памежнікі. З польскага боку ахова слабейшая. А пропуск празь мяжу дзясяткаў тысяч уцекачоў выглядае непраўдападобна. Маўляў, цяперашні скандал камусьці выгадны менавіта ў Польшчы. А між тым, уцекачы без праблемаў трапляюць у Польшчу празь мяжу зь Літвой.

На Інтэрнэт-форуме часопісу “Wprost” сёньня можна ўбачыць розныя меркаваньні: адныя прапануюць пабудаваць на ўсходняй мяжы 6-мэтровы мур і зрабіць міннае поле шырынёй 50 мэтраў, другія лічаць, што самы час патрабаваць ад Эўразьвязу больш грошай на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю.