ЛІТОЎСКІЯ ЖУРНАЛІСТЫ САЛІДАРНЫЯ ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ КАЛЕГАМІ

Ігар Карней, Менск

У літоўскую сталіцу прыехалі віцэ-прэзыдэнты БАЖу Эдуард Мельнікаў, Анатоль Гуляеў, а таксама намесьнік рэдактара нядаўна закрытай газэты “Местное время” Аляксандар Коктыш.

На сустрэчу зь беларускімі калегамі прыйшлі прадстаўнікі практычна ўсіх вядучых СМІ Літвы. Літоўскіх журналістаў найперш цікавіў лёс недзяржаўных беларускіх мас-мэдыяў, якія апошнім часам апынуліся ў складанай сытуацыі як з палітычнага, так і з эканамічнага гледзішча. Беларускія выступоўцы падкрэсьлілі: напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы ціск на незалежныя выданьні будзе яшчэ больш узмацняцца, пра што сьведчыць досьвед ранейшых перадвыбарчых кампаніяў.

Апроч уласна прэсавай канфэрэнцыі, адбылася сустрэча зь сябром Сойму Літвы, дакладчыкам па Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Вацлавам Станкевічам. Спадар Станкевіч запэўніў беларускіх журналістаў, што будзе ініцыяваць беларускае пытаньне на наступным паседжаньні ПАРЭ ў Парыжы з тым, каб афіцыйны Менск даслаў на адмысловую экспэртызу варыянт “Закону аб друку”.

Варта зазначыць, што аналягічнае патрабаваньне з боку кіраўніцтва ПАРЭ ўжо было: тады была прапанова даслаць спрэчны закон “Аб веравызнаньні”, але ўлады адказалі, што закон ужо падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. Цяпер Рада Эўропы спадзяецца апярэдзіць Лукашэнку ў прыняцьці надзвычай важнага закону.