ЗАХОДНІЯ ЭКСПЭРТЫ ЛІЧАЦЬ БЕЛАРУСЬ НЕБЯСЬПЕЧНАЙ ДЛЯ ЖУРНАЛІСТАЎ КРАІНАЙ

Ул. інф.

Сёньня мясцовая філія праваабарончай арганізацыі “Amnesty International”, якая месьціцца ў невялікім гарадку Бюкебург, распаўсюдзіла праз шматлікія нямецкія СМІ заклік да сваіх суайчыньнікаў адносна ўдзелу ў чарговай акцыі “Лісты супраць забыцьця”. Падобныя пасланьні, падпісаныя тысячамі жыхароў нямецкіх гарадоў і вёсак, рэгулярна прыходзяць у тыя краіны, дзе ўлады перасьледуюць сваіх грамадзянаў за перакананьні.

Сёньня бюкебургскія праваабаронцы заклікаюць суайчыньнікаў напісаць лісты да беларускага лідэра Лукашэнкі й патрабаваць ад яго адмены прысуду рэдактару менскай газэты “Рабочы” Віктару Івашкевічу і тэрміновага вызваленьня журналістаў гарадзенскай “Пагоні” Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Паводле нямецкіх прадстаўнікоў “Amnesty International”, журналістаў пакаралі за іхную прафэсійную дзейнасьць, то бок за артыкулы, у якіх утрымлівалася крытыка на адрас беларускага лідэра. Як лічаць праваабаронцы, перакананьні ня могуць карацца пазбаўленьнем волі.

У сваім звароце праваабаронцы зь Бюкебургу даюць дакладныя адрасы, на якія трэба дасылаць карэспандэнцыю — у Менск, на вуліцу Карла Маркса 38, альбо ў Бэрлін, у канцылярыю беларускай амбасады ў ФРН. “Пішыце ў ветлівай форме на добрай беларускай, расейскай, ангельскай альбо нямецкай мовах”, — раяць суайчыньнікам прадстаўнікі нямецкай філіі “Amnesty International”, якія ва ўсіх зваротах падкрэсьліваюць сваю палітычную нэўтральнасьць.

Паводле вынікаў дасьледаваньняў іншай палітычна нэўтральнай арганізацыі — Інстытуту міжнароднай прэсы ў Вене (ІРІ), Беларусь з гледзішча ўмоваў працы журналістаў належыць да адзінаццаці самых небясьпечных краінаў сьвету. Разам зь Беларусьсю ў гэты сьпіс трапілі Ўкраіна, Расея, Калюмбія, Куба, Гаіты, Бангладэш, Іран, Лібэрыя і Эрытрэя.

З гледзішча міжнародных экспэртаў, беларускі рэжым выкарыстоўвае самыя розныя мэханізмы дзеля падаўленьня свабоды слова ў краіне. Найбольш распаўсюджаныя эканамічныя і юрыдычныя санкцыі, накіраваныя на закрыцьцё незалежных выданьняў ды крымінальны перасьлед журналістаў.

З гэтай нагоды дырэктар ІРІ Ёган Франц у сваім інтэрвію аўстрыйскаму выданьню“Der Standard” выказвае крыху нечаканае меркаваньне: улады перасьледуюць свабоду слова там, дзе гэтая свабода, хай у самых невялікіх памерах, існуе. Як дырэктар міжнароднай установы, якая выступае за тое, каб СМІ самых розных краінаў маглі дзейнічаць адпаведна зь міжнароднымі стандартамі, Ёган Франц лічыць: маленькія парасткі свабоды ў адзінаццаці самых небясьпечных краінах сьвету могуць загінуць і, наадварот, узьняцца, калі іх будуць падтрымліваць звонку.

Пры гэтым экспэрты зьвяртаюць увагу на фэномэн дачыненьняў заходніх кіраўнікоў з прэзыдэнтам Пуціным. Добра ведаючы, што ў Расеі адбываюцца шматлікія парушэньні ў гэтай галіне, заходнія кіраўнікі пасьля візыту ў Маскву ўсяго адным радком акрэсьліваюць сытуацыю. Кіраўніку Крамля пры ўсіх выпадках перасьледу незалежных СМІ ўдаецца заставацца найлепшым сябрам Захаду.