МІНІСТАР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ БЕЛАРУСІ МІХАІЛ ХВАСТОЎ НАКІРАВАЎСЯ Ў ПАРТУГАЛІЮ

Аляксей Знаткевіч, Менск

Асноўным пытаньнем заўтрашняга паседжаньня міністраў замежных справаў АБСЭ ў партугальскім горадзе Порту будзе барацьба з тэрарызмам. Падчас сустрэчы мусіць быць распрацаваная стратэгія барацьбы з пагрозамі бясьпецы ў ХХІ стагодзьдзі. АБСЭ плянуе зацьвердзіць яе ў наступным годзе.

Сярод пытаньняў, якія падчас сустрэчы будуць абмяркоўвацца неафіцыйна — лёс групы АБСЭ ў Беларусі. Вось што паведаміў прэсавы сакратар АБСЭ Рычард Мэрфі:

(Мэрфі: ) “Пытаньня аб Беларусі няма ў афіцыйнай праграме, але я даволі ўпэўнены, што яно будзе абмяркоўвацца ў кулюарах сустрэчы. Аднак фармальна яго няма ў парадку дня заўтрашняй сэсіі. Што тычыцца пытаньня аб вяртаньні ў Менск групы АБСЭ, яно, натуральна, будзе абмяркоўвацца, але зноўку ж у кулюарах, не на фармальным пленарным паседжаньні”.

Апошнія прадстаўнікі місіі АБСЭ, якая, сярод іншага, адсочвала сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, былі вымушаныя сёлета пакінуць Менск. Беларускія ўлады адмовіліся працягнуць ім візы. Гэта сталася асноўнай прычынай забароны на ўезд для Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ сямі афіцыйных асобаў Беларусі ў 14 эўрапейскіх краінаў.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка паведаміў сёньня, што ў Партугаліі беларускі міністар Міхаіл Хвастоў заявіць пра гатоўнасьць да перамоваў у справе мандату групы АБСЭ ў Менску. Латушка таксама заявіў, што прадстаўнікі АБСЭ, якія пажадаюць наведаць Беларусь для перамоваў, ня будуць мець праблемаў зь візамі.

(Латушка: ) “Любыя чыноўнікі АБСЭ, якія будуць задзейнічаныя ў працэсе перамоваў, будуць атрымліваць неабходныя візы. Пакуль такіх заявак натуральна, што не паступала”.

Паводле спадара Латушкі, беларускі міністар мае сустрэцца з генэральным сакаратаром АБСЭ, а таксама зь міністрамі замежных справаў Канады і Партугаліі. Апошняя цяпер старшынюе ў АБСЭ і была адзінай краінай Эўрапейскага Зьвязу, якая не далучылася да забароны на ўезд для беларускага кіраўніцтва, у тым ліку для міністра замежных справаў.

Прэсавы сакратар міністра замежных справаў Партугаліі Фэрнанда Ліма пакуль што ня здолеў пацьвердзіць інфармацыю аб заўтрашняй сустрэчы. Ён таксама адмовіўся камэнтаваць ход кансультацыяў зь Беларусьсю аб лёсе групы АБСЭ ў Менску.

(Ліма: ) “Цяпер Партугалія, партугальскае прэзыдэнцтва АБСЭ вядзе перамовы зь беларускімі ўладамі. Нашая пазыцыя — пакуль што не агучваць ніякай інфармацыі пра гэтыя перамовы. Кансультацыі працягваюцца, і мы лічым за лепшае захоўваць маўчаньне пра іхны зьмест”.