НА РАДЗІМЕ ЎЛАДЗІМЕРА КАРАТКЕВІЧА АДБЫЛІСЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ЧЫТАНЬНІ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

У Воршы, на радзіме Ўладзімера Караткевіча, адбыліся паэтычныя чытаньні ў Прыдняпроўскім парку, каля помніка славутаму земляку. Гэтую імпрэзу зладзілі супрацоўнікі тамтэйшага мэмарыяльнага Музэю Ўладзімера Караткевіча. А ў Віцебску сёньня прайшлі навуковыя Караткевіцкія чытаньні. Паводле ініцыятывы віцебскай філіі Саюзу пісьменьнікаў і ТБМ яны праходзілі ў памяшканьні бібліятэкі, якая носіць імя Ўладзімера Караткевіча. Сёньня ж калектыву гэтай бібліятэкі ўручаная сёлетняя Караткевіцкія прэмія – за папулярызацыю творчасьці пісьменьніка. А ў галіне літаратурнай творчасьці традыцыйную штогадовую Караткевіцкую прэмію атрымаў віцебскі празаік Франц Сіўко — за кнігу апавяданьняў “Удог”.