ДЗЯЦЕЙ-ІНВАЛІДАЎ НЕ ПУСКАЮЦЬ НА ЛЯЧЭНЬНЕ Ў ІРЛЯНДЫЮ

Любоў Лунёва, Менск

Канфлікт распачаўся пры канцы кастрычніка. Тады беларускія чыноўнікі запатрабавалі ад ірляндцаў, каб тыя тэрмінова прывезьлі назад хворых дзяцей з Чэрвеньскага дзіцячага дому, якіх толькі пачалі лячыць у ірляндзкіх клініках. Ірляндцы дзяцей прывезьлі.

Праз тыдзень яны ў тым жа Чэрвеньскім доме сфармавалі групу, каб зноў везьці дзяцей на лячэньне. Ірляндзкія валанцёры падрыхтавалі ўсе неабходныя дакумэнты і набылі квіткі на самалёт. Але ў аэрапоце ім паведамілі, што ляцець у Ірляндыю разам зь дзецьмі ім забаронена. Высьветлілася, што такая каманда зыходзіла ад чыноўнікаў Міністэрства сацыяльнай абароны. Камэнтаваць сваю пазыцыю там адмовіліся.

У канфлікт умяшалася ірляндзкая амбасада. Сакратар амбасады Джэймс О’Шэй на мінулым тыдні наведаў Міністэрства замежных справаў і Міністэрства сацыяльнай абароны. Там яго запэўнілі, што прымуць станоўчае рашэньне, але пакуль выніку няма. Сёньня Джэймс О’Шэй зноў наведаў Беларусь.

(О’Шэй: ) “Наколькі мы ведаем, пакуль што не прынята ніякага рашэньня, якое б дазволіла дзецям прыехаць у Ірляндыю. Таму мы па-ранейшаму вельмі заклапочаныя гэтай сытуацыяй і спадзяемся, што хутка будзе знойдзенае рашэньне. Я думаю, што, нягледзячы на гэтую складаную сытуацыю, ірляндцы па-ранейшаму вельмі жадаюць дапамагаць беларускім дзецям пераадолець наступствы катастрофы. Я думаю, што мы будзем працягваць запрашаць беларускіх дзяцей на адпачынак і лячэньне, а таксама дасылаць гуманітарную дапамогу”.

Дырэктар праекту гуманітарнай дапамогі беларускім дзецям і старшыня ірляндзка-беларускага таварыства Лім О’Мара чакае рашэньня беларускіх чыноўнікаў. Ён паведаміў Радыё Свабода:

(О’Мара: ) “Я не разумею сытуацыю, у якую мы зараз трапілі ў Беларусі, таму што мы шмат гадоў працавалі зь Беларусьсю і раней ніколі не было праблемаў. Цяпер гэта тычыцца Гарадзішчанскага і Чэрвеньскага дзіцячых дамоў. З 1996 году мы працуем зь беларускімі дзецьмі-інвалідамі. Мы забіралі хворых дзяцей у Ірляндыю, і там ім рабілася значна лепш.

Цяпер мы сфармавалі групу зь вельмі хворых дзяцей. Сем зь іх цяжкахворыя. Сяргею пяць гадоў, а ён важыць шэсьць кіляграмаў. Аляксандру 16 гадоў, ён важыць 19 кіляграмаў. Вользе, вельмі прыгожай дзяўчынцы, 15 гадоў, яна важыць 16 кіляграмаў. Ды й астатнія дзеці вельмі хворыя. У Ірляндыі распрацаваныя вельмі добрыя праграмы для гэтых дзяцей. Ім патрэбная фізіятэрапія, спэцыяльны курс лячэньня і заняткі. Нам забараняюць іх везьці, губляецца час.

Мы шмат займаліся гэтым інтэрнатам. Толькі за год прывезьлі туды 17 канвоеў з гуманітарнай дапамогай. Мэдычная дапамога ў Ірляндыі вельмі дарагая, і мы выдаткавалі на гэта сотні тысяч даляраў. Цяпер нам нават не дазваляюць зайсьці на тэрыторыю інтэрнату. Я нядаўна набыў лекі, але мне сказалі, што я не магу туды нават зайсьці. Мы не разумеем, чаму так адбываецца”.

Цягам тыдня чыноўнікі аблвыканкаму і Міністэрства сацыяльнай абароны адмаўляліся камэнтаваць сваё рашэньне. Сёньня на пытаньне Радыё Свабода пагадзіўся адказаць намесьнік міністра сацыяльнай абароны Ўладзімір Локіс.

(Локіс: ) “Гэта трэба вырашаць на ўзроўні Менскага аблвыканкаму, бо дзіцячыя дамы на іх тэрыторыі. Дзейнічае заявачны прынцып. Трэба ім даць характарыстыкі на тых людзей, у якіх будуць пражываць дзеці, даведкі пра стан іх здароўя ды іншыя даведкі…

Акрамя таго, я ня маю пакуль дакумэнтаў, але кажуць, што на гэтых дзецях праводзілі нейкія досьледы. Ну, я маю на ўвазе хірургічныя ўмяшальніцтвы. Трэба разабрацца, чаму дзеці раней бескантрольна знаходзіліся ў Ірляндыі да двух гадоў. Аздараўленьне? Дастаткова трох месяцаў. Гэта далікатнае пытаньне. Так што няхай яны эмоцыямі не карыстаюцца”.

Колькі спатрэбіцца часу, каб вырашыць гэтае пытаньне, намесьнік міністра не адказаў.