БЕЛАРУСЬ АДКЛІКАЛА СВАЙГО АМБАСАДАРА З ПРАГІ

Валер Каліноўскі, Менск

Рашэньне МЗС Чэхіі адмовіць А.Лукашэнку ў візе на саміт НАТО міністар замежных сваваў Беларусі Міхаіл Хвастоў назваў беспрэцэдэнтным і палітызаваным:

(Хвастоў: ) "Адмова чэскага боку ў выдачы візаў дэлегацыі Рэспублікі Беларусь, якая едзе на мерапрыемсва не зьвязанае з двухбаковымі адносінамі, я з падобным упершыню сутыкаюся ў дыпляматычнай практыцы і ў гісторыі міжнародных адносінаў. Аднак пад ціскам ЗША, як нам паведамілі нашыя сябры з Эўропы, чэскі бок ня здолеў прыняць уласнае рашэньне".

Міхаіл Хвастоў зазначыў, што ўзровень дэмакратыі ў іншых краінах, якія бяруць удзел у саміце Рады Эўраатлянтычнага партнэрства, не заўсёды вышэйшы, чым у Беларусі. Ён заявіў, што “Беларусь не пакіне без увагі выклік, які кінула Чэхія", і цяпер МЗС распрацоўвае шэраг захадаў у адказ.

Першы зь іх быў прадпрыняты ўжо сёньня ўвечары. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) "У сувязі з прынятым апошнім рашэньнем чэскага боку аб нявыдачы візаў беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў паседжанні СЭАП, МЗС Беларусі сёньня ўвечары прыняў рашэньне аб адкліканьні амбасадара Беларусі ў Чэхіі ў Менск для кансультацыяў."

У Аляксандра Лукашэнкі, відаць, і не было пэўнасьці, што ён атрымае магчымасьць наведаць саміт НАТО і Рады Эўраатлянтычнага партнэрства.

На пачатак другой дэкады лістапада ў яго загадзя было заплянаванае іншае падарожжа - афіцыйны візыт у Кыргызстан.

Рашэньне Прагі, прынятае пры падтрымцы дзяржаваў НАТО, а таксама паведамленьне, што ў наступны панядзелак Эўразьвяз разгледзіць пытаньне пра забарону выдачы візаў ва ўсе краіны ЭЗ для А.Лукашэнкі і 50 высокіх кіраўнікоў Беларусі, сьведчыць пра тое, што Беларусь стала дзяржавай, якую не паважаюць у сьвеце, - лічаць апазыцыйныя палітыкі. Гаворыць Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) "Калі і будуць закручаныя гайкі, то гэта будуць часовыя захады з боку ўлады, гэтая ўлада аганізуе . Я думаю, што гэта паскорыць працэс палітычных пераменаў".

Спадар Багданкевіч спадзяецца, што і атачэньне Лукашэнкі, і ягоны электарат скарэктуюць свае пазыцыі, і гэтая сытуацыя пойдзе на карысьць дзяржаве. А вось Аляксандар Фядута ў гэтым ня ўпэўнены. Ён кажа, што беларускі ўрад ужо ў панядзелак абвесьціць пра выхад з праграмы "Партнэрства дзеля міру" і распачнецца новая хваля рэпрэсіяў супраць незалежных палітыкаў і журналістаў. Спадар Фядута ўпэўнены, што А. Лукашэнка ў адказ сапраўды адмовіцца кантраляваць паток нелегальных мігрантаў і наркотыкаў, якія рухаюцца празь Беларусь на Захад.

(Фядута: ) "Гэта ў яго адзіная форма пратэсту, якая засталася. Усе астатнія формы пратэсту, у тым ліку публічныя выступленьні з трыбунаў, у яго забралі. І гэта вельмі дрэнна. Што б і як ні было б, трэба разумець, што любы лекар павінен выконваць прынцып "не нашкодзіць". Я думаю, гэта моцна нашкодзіць і грамадзянскай супольнасці Беларусі, і СМІ, і ўвогуле дэмакратычным працэсам. Гэта наўрад ці паскорыць развязку".

Алена Скрыган з ПКБ лічыць вінаватым у новым канфлікце з Захадам толькі А. Лукашэнку, але пацерпіць ад гэтага перш за ўсё ня ён, а беларускі народ, мяркуе яна - ад пагаршэньня эканамічных адносінаў з Захадам:

(Скрыган: ) "Усё гэта рэзка пагоршыла міжнароднае становішча нашай кріаны, і Беларусь апынулася ў такой самаізаляцыі, аб якой яшчэ нават паўгода таму гаварыць было нельга. Але беларускі народ адрэагуе на гэта так, як яму будзе сказана па БТ. Гэта наша бяда".