ЗАДЗІНОЧАНЬНЕ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ ЗАКЛІКАЮЦЬ СТУДЭНЦКУЮ МОЛАДЗЬ БАРАНІЦЬ СВАЕ ПРАВЫ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Да будынку Лігнвістычнага ўнівэрсытэту сёньня прыйшло 10 актывістаў Задзіночаньня. На галовах у іх былі папяровыя акадэмічныя шапкі ў чорна-белыя палоскі. Такія ж колеры мае арыштанцкая роба. Удзельнікі акцыі хацелі такім чынам прадэманстраваць несвабоду беларускіх студэнтаў.

Арганізатары акцыі віншавалі моладзь з Днём студэнта й раздавалі ўлёткі з заклікам: “Ведай і абараняй свае правы!” На кожнай улётцы было напісана — “1 бал у дадатак да заніжанай адзнакі з прычыны грамадзкай актыўнасьці студэнта”.

Пра мэты гэтай акцыі гаворыць старшыня Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” Вольга Кузьміч:

(Кузьміч: ) “ЗБС праводзіць акцыю, якой яно віншуе моладзь з Днём студэнта. Таксама гэта старт нашай кампаніі ў падтрымку правоў студэнтаў. Калі студэнт пачынае адстойваць свае правы, першае, што робіць адміністрацыя ўнівэрсытэту — пачынае заніжаць адзнаку на іспыце. Студэнту нічога не застаецца, як маўчаць. Мы раздаем гэтыя балы, каб студэнты маглі павысіць свае адзнакі. Я заклікаю студэнтаў змагацца за свае правы”.

Студэнты Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, якія ахвотна бралі ўлёткі, таксама лічаць, што іхныя правы парушаюцца:

(Cтудэнтка: ) “Чамусьці ў студэнтаў напалову зьменшылася стыпэндыя. Ніхто нават не паінфармаваў”.

(Карэспандэнт: ) “А палітычныя правы студэнтаў, на вашую думку, парушаюцца?”

(Студэнтка: ) “Пэўна ж парушаюцца, бывае такое”.

(Яе сяброўка: ) “Усё залежыць ад нас, як мы да гэтага будзем ставіцца”.

(Дзяўчына: ) “Парушаюцца, так заўсёды бывае ў нас і паўсюль”.

Акцыя працягвалася каля 15 хвілінаў. Пасьля яе на ганак унівэрсытэту выбеглі ахоўнікі, якія запатрабавалі спыніць недазволенае, на іх думку, апытаньне студэнтаў.