ЦІ АЗНАЧАЮЦЬ СЁНЬНЯШНІЯ СЛОВЫ ЛУКАШЭНКІ НОВЫ ЭТАП У АДНОСІНАХ З РАСЕЯЙ?

Сяргей Навумчык, Прага

Магчыма, цяпер Лукашэнка прыгадвае Ўладзімера Заблоцкага, прэм’ер-міністра ценевага кабінэту БНФ ў Вярхоўным Савеце 12-ага скліканьня, які даказваў, што станоўчы балянс Беларусі ва усім пакеце ўзаемаразьлікаў з Расеяй, уключна транзыт, можа складаць да 2 мільярдаў даляраў штогод.

У 1996 годзе Лукашэнка ўжо заяўляў, што існаваньне адных толькі расейскіх вайсковых абектаў у Ганцавічах і Вілейцы можа каштаваць да 10 мільярдаў даляраў. Некаторыя адмыслоўцы перакананыя, што гэта – рэальныя лічбы. Але замест падпісаць адпаведныя дамовы, Лукашэнка спадзяваўся на “славянскае братэрства” і скарыстоўваў лёзунг як трамплін у Крэмль. Аднак у тых законах, паводле якіх цяпер пачынае жыць Расея, лёзунгі важаць усё меней.

Ці азначаюць сёняшнія словы Лукашэнкі новы этап у адносінах з Расеяй? Для Беларусі зьмена зьнешняга курсу – што да Ўсходу, што да Захаду – вымагае найперш унутраных рэформаў. Беларусь, паводле яе патэнцыялу, рэальна магла б перайсьці на рынкавую сыстэму разьлікаў. Але гэта адразу ж запатрабуе і зьмены ўсёй унутранай эканамічнай палітыкі паводле рынкавай мадэлі. А значыць – усё большай прыватнай ініцыятывы, усё больш свабоды і – усё меншага дзяржаўнага кантролю. Гэтыя зьмены надзвычай небясьпечныя для мадэлі “рынкавага сацыялізму”, на якой трымаецца ўлада Лукашэнкі.