БЕЛАРУСКІЯ НАЗІРАЛЬНІКІ НА ПОЛЬСКІХ ВЫБАРАХ

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Кіраўнік беларускай дэлегацыі Ігар Бяляеў, які займаецца справамі, зьвязанымі з прадстаўніцтвам “Народнай грамады” ў Польшчы, кажа, што досьвед удзелу польскіх партыяў левага кірунку ў муніцыпальных выбарах спатрэбіцца беларускім сацыял-дэмакратам у часе будучых выбараў у мясцовыя саветы ў Беларусі. Гаворыць Ігар Бяляеў:

(Бяляеў: ) “Зразумела, што розныя варункі палітычныя ў Польшчы і ў Беларусі, але мне здаецца, што ёсьць некаторыя тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюцца ўва ўсім сьвеце. Я думаю, што той вопыт, які будзе ў беларусаў пасьля таго, як яны тут пабудуць тыдзень, ім напэўна спатрэбіцца ў Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Як бы вы ацанілі ўзровень дэмакратычнасьці выбараў у Польшчы?”

(Бяляеў: ) “Мне здаецца, што вельмі дэмакратычныя выбары. Прынамсі, я не заўважыў, каб недэмакратычныя сродкі выкарыстоўваліся з боку ўраду. Зразумела, што былі нейкія брудныя тэхналёгіі, але гэта ўжо было з боку саміх кандыдатаў”.

Варат адзначыць, што беларускія сацыял-дэмакраты з “Народнай грамады” аказаліся адзінай замежнай партыйнай дэлегацыяй, якую Саюз левых дэмакратаў запрасіў да назіраньня за сваёй выбарчай кампаніяй.