АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ЛІЧЫЦЬ СВАЁ ЗАТРЫМАНЬНЕ ПАКАЗЬНІКАМ СЛАБАСЬЦІ ЎЛАДАЎ

Гутарыў Сяргей Абламейка

(Вядучы: ) “У прэс-рэлізе КГБ вам ставяцца ў віну нейкія незаконныя дзеяньні, кантакты з замежнымі грамадзянамі. Як вы можаце пракамэнтаваць абвінавачаньні КГБ?”

(Лябедзька: ) “Калі шукаць нейкую лёгіку ў дзеяньнях КГБ, то трэба выдаць нейкую інструкцыю для беларускіх грамадзянаў – як ім ставіцца да прадстаўнікоў амбасадаў і замежных прадстаўніцтваў. Мяне абвінавачваюць у тым, што ў мяне былі сустрэчы з кіраўніком КНГ АБСЭ ў Менску спадаром Вікам і з супрацоўнікамі амэрыканскай і некаторых іншых амбасадаў. Таму трэба проста выдаць інструкцыю грамадзянам Беларусі – калі прыяжджае ў нашую краіну прадстаўнік дыпляматычнай місіі, лепш яго абыходзіць за тры-чатыры крокі, лепш зь ім не сустракацца, не кантактаваць, таму што вы можаце праходзіць па артыкуле, здаецца, 356 – здрада Радзімы”.

(Вядучы: ) “Сёньняшняя здарэньне – яшчэ адзін крок у кампаніі ціску на вас пэрсанальна і на вашую партыю, на апазыцыю. Як на вашую думку будуць разгортвацца падзеі далей?”

(Лябедзька: ) “Як гэта ні дзіўна, але вось у такіх моцных дзеяньнях, моцных з пункту гледжаньня сілы, ёсьць палітычная слабасьць кіраўніцтва Беларусі. Так можа паводзіць сябе толькі слабы чалавек, чалавек, які не кантралюе сытуацыю ў прававым полі. І я, супакоіўшыся, калі эмоцыі адышлі, лічу, што ў гэтым нешта ёсьць станоўчае і для мяне асабіста, і для АГП, і для апазыцыі. Ня так усё дрэнна. Гэта ня тая апазыцыя, пра якую Лукашэнка гаварыў, што яе можна насіць на руках”.