Калегія Менскага гарадзкога суду разгледзела скаргу Міхаіла Чыгіра на прысуд, які тры месяцы таму быў вынесены яму Фрунзенскім раённым судом Менску. Тады Міхаіл Чыгір быў прызнаны вінаватым у службовай нядбайнасьці ды нявыплаце падаткаў і асуджаны на тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады.
З прысудам ён не пагадзіўся і паспрабаваў аспрэчыць яго ў гарадзкім судзе, але беспасьпяхова. Гарадзкія судзьдзі пакінулі прысуд бязь зьменаў. Цікава, што Міхаіл Чыгір нават не пайшоў у суд на перагляд сваёй справы, бо быў, як ён кажа, “на 100 адсоткаў перакананы ў адмоўным выніку”.
(Чыгір: ) “Я не хадзіў, бо ведаю, што на гарадзкім узроўні колькі ні разглядалі скаргі, ніколі іншых рашэньняў не прымалі. Яны ўсё дублююць. Спадзяваца магчыма толькі на Вярхоўны суд, ён яшчэ можа прыняць сваё рашэньне, а гарадзкі суд нічога не мяняе”.
Цяпер Міхаіл Чыгір будзе скардзіцца ў Вярхоўны суд, бо настойвае на сваёй невінаватасьці. Нагадаем, два гады таму Міхаіл Чыгір ужо быў асуджаны паводле артыкулу аб службовых злоўжываньнях, і менавіта Вярхоўны суд адмяніў тое рашэньне ды накіраваў справу на перагляд.
Пакуль вялося новае расьсьледаваньне справы Чыгіра, да ўмоўнага пакараньня была асуджаная ягоная жонка Юлія, і сем гадоў турмы атрымаў ягоны сын Аляксандар. Праваабаронцы Беларусі лічаць, што беларускія ўлады перасьледуюць сям’ю Чыгіроў з прычыны палітычнай дзейнасьці былога прэм’ера.