ЛУКАШЭНКА СУПРАЦЬ “НАДЗВЫЧАЙШЧЫНЫ”

Валер Каліноўскі, Менск

Учора афіцыйна было паведамлена, што міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў прыняў рашэньне перавесьці міліцыю на ўзмоцнены рэжым нясеньня службы, каб ня даць узьнікнуць у Беларусі падобным да маскоўскай сытуацыям.У прыватнасьці, узмацнілася ахова беларуска-расейскай мяжы, вакзалаў, амбасадаў, месцаў масавага знаходжаньня людзей.

Аднак пазьней выступіў Аляксандар Лукашэнка і заявіў зусім супрацьлеглае: маўляў, і так існуе жорсткая патрабавальнасьць да сілавых структураў, таму няма ніякай неабходнасьці узмацняць іх працу.

(Лукашэнка: ) “Таму я не прымаў нейкіх дадатковых надзвычайных захадаў дзеля ўмацненьня, але папярэдзіў усіх сілавікоў, каб яны вельмі акуратна і ўважліва ставіліся да сваёй службы па ахове нашага грамадзтва. Ніякай “надзвычайшчыны” ў Беларусі няма і ня будзе”.

У МУС Беларусі гэтыя словы выклікалі пэўную разгубленасьць, міністар Навумаў не прыйшоў на справаздачу ўраду ў нацыянальны сход, а ягоны намесьнік Аляксандар Шчурко адмаўляўся кантактаваць з журналістамі.

Паводле апошніх зьвестак,у Маскве ў закладніках апынуліся каля дзясятка беларускіх грамадзянаў. Там часам Аляксандар Лукашэнка сёньня рыхтаваўся да заўтрашняга візыту ў Бахрэйн і Кувэйт. Адметна, што ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Кучма спыніў свой візыт у Харватыю, каб каардынаваць спробы дзеля вызваленьня 30 грамадзянаў Украіны, якія таксама апынуліся ў палоне чачэнскіх захопнікаў.

Акрамя таго, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч паведаміла, што ніякага пасланьня з выказваньнем спачуваньня расейскім уладам беларускі лідэр не накіроўваў, былі толькі ягоныя выказваньні ў інтэрвію журналістам. Адмысловы ліста У.Пуціну і не прадугледжваецца, як і нейкія асаблівыя захады адносна закладнікаў-беларусаў з боку беларускага лідэра. Гаворыць прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Усё гэта неправераныя зьвесткі, колькі там беларускіх грамадзянаў, і ці ёсьць яны там у прынцыпе. Пра два чалавекі ўжо вядома, а ўсё астатняе... Учора амбасадар зрабіў заяву, у МЗС пастаянна працуюць і, натуральна, прэзыдэнт усю інфармацыю атрымлівае”.

Тым часам у нацыянальным сходзе ні ўчора, ні сёньня канчаткова не прынялі сваёй заявы наконт падзеяў у Маскве. Сёньня на сумесным паседжаньні савету рэспублікі і палаты прадстаўнікоў усё ж вырашылі неяк адрэагаваць, але не змаглі дамовіцца наконт тэксту заявы і прагаласаваць.

Усё гэта абурыла апазыцыйнага дэпутата Вольгу Абрамаву.

(Абрамава: ) “Да гэтага часу я ў шоку з прычыны адсутнасьці публічна выказанай рэакцыі. Расейцы чакалі ад беларускага парлямэнту выказваньня падтрымкі. Гэта дзіўная для мяне сытуацыя, калі кіраўніцтва парлямэнту ня лічыць патрэбным праявіць ініцыятыву ў такім важным пытаньні”.

Калега Абрамавай Валеры Фралоў лічыць, што апошнія заклікі Лукашэнкі дзейнічаць у гэтай крызыснай сытуацыі больш рашуча неадэкватныя сытуацыі. Сам спадар Фралоў разважае, ці трэба яму паводле прыкладу ўкраінскіх парлямэнтароў накіравацца ў Маскву, каб паспрыяць вызваленьню з палону беларускіх грамадзянаў:

(Фралоў: ) “Ня ведаю, можа быць, стэлефануюся з Барысам Яфімавічам Нямцовым, можа, і ёсьць неабходнасьць, я ўсё-такі Масхадава ведаю — у мінулым мой таварыш. І калі ёсьць такая неабходнасьць, я з задавальненьнем адгукнуся, як і многія дэпутаты”.