МАЛАДЫ ФРОНТ ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ “НОВАЙ” ІНТЭГРАЦЫІ З РАСЕЯЙ.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Актывістаў Маладога Фронту найбольш абурае тое, што іх былыя партнэры па апазыцыі – Аб’яднаная грамадзянская партыя, апошнім часам актыўна выступае за г.зв. новую інтэграцыю з Расеяй. Яны называюць такую палітыку АГП беспрэцэдэнтнай у новай гісторыі Беларусі. Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) “ Агульная сытуацыя ў беларускай палітыцы пасьля ўльтыматымаў Пуціна даволі складаная. Таму што ні старэйшая беларуская апазыцыя, ні ўлада ня могуць даць жорсткага, сыстэмнага адказу Пуціну.

Спадар Лябедзька й яго каманда зьбіраюцца зараз праводзіць сваю канфэрэнцыю, прысьвечаную “новай” інтэграцыі Беларусі й Расеі. Я баюся, што АГП так паступова становіцца паўночна-заходнім аддзяленьнем Саюзу правых сілаў. Гэта беспрэцэдэнтна, калі апазыцыя ставіць пытаньне гандлю незалежнасьцю Беларусі. Фактычна пытаньне стаіць такім чынам: “Ці гандляваць Беларусьсю з крамы, ці з вулічнага латка”.

Таму Малады Фронт прыняў рашэньне правесьці заўтра раніцай акцыю пратэсту перад будынкам менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе пройдзе канфэрэнцыя “Беларусь –Расея: новая інтэграцыя”. У ёй зьбіраюцца ўзяць удзел вядомыя расейскія палітыкі Барыс Нямцоў, Ірына Хакамада, Дзьмітры Рагозін ды йншыя.

Паводле лідэраў Маладога Фронту, яны не зьбіраюцца распачынаць нейкае змаганьне з АГП, а толькі хочуць прадэманстраваць, што ў беларускай моладзі ёсьць альтэрнатыва аб’яднаньню з Расеяй. Гэта інтэграцыя ў Эўропу. Акцыю Маладога Фронта падтрымліваюць актывісты БСДГ Станіслава Шушкевіча й Партыя свабоды.

А 24 кастрычніка Малады Фронт разам з нямецкім фондам Конрада Адэнаўэра у тым жа Адукацыйным цэнтры правядуць міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную праблеме будучай інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскія структуры.

Аляксей Шэін гаворыць, што гэтая праблема цяпер хвалюе многіх: паводле апошніх сацыялягічных дасьледваньняў, больш за палову жыхароў Беларусі выступае за інтэграцыю сваёй краіны ў Эўрапейскі Зьвяз.