У БЕЛАРУСІ 65–70% ПРАДПРЫЕМСТВАЎ ПАТРАБУЮЦЬ САНАЦЫІ АЛЬБО ЛІКВІДАЦЫІ

Міхал Стэльмак, Менск

У Менску лёсам гомельскага прадпрыемства займаецца шэраг урадавых органаў – у прыватнасьці, Міністэрства эканомікі. Намесьнік дырэктара Дэпартамэнту санацыі і банкруцтва гэтага міністэрства Аляксандар Міранічэнка камэнтуе сытуацыю гэтак:

(Міранічэнка: ) “Нічога асаблівага ў тым, што прадпрыемства трапляе ў працэдуру банкруцтва, у тым ліку і гомельскі завод, няма. Ягоны лёс вызначаць крэдыторы. Беларускае заканадаўства ў гэтай сфэры адпавядае міжнародным стандартам. Але ў нас шмат праблемаў. Адной з ключавых праблемаў ёсьць прыцягненьне інвэстараў, у тым ліку замежных”.

Паводле афіцыйных зьвестак, зараз у Беларусі праходзяць працэдуру санацыі і банкруцтва каля 500 прадпрыемстваў. Аднак, як прызнаў спадар Міранічэнка, пераважная большасць зь іх — дробныя фірмы. Між тым, на думку незалежных экспэртаў, гэта не адпавядае патрэбам айчыннай эканомікі. Так, у прыватнасьці, лічыць прэзыдэнт міжнароднага цэнтру “Мізес” Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Трэба, каб была палітычная воля як з боку адміністрацыі прэзыдэнта, так і ўраду ініцыяваць гэтую працэдуру”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат у Беларусі прадпрыемстваў, якім патрэбная працэдура банкруцтва?”

(Раманчук: ) “Некалькі лічбаў. Я мяркую, што 65–70% прадпрыемстваў неплатаздолныя. Гэта азначае, што яны патрабуюць альбо санацыі альбо ліквідацыі. Адна вельмі прыкметная рыса беларускай мадэлі, што 87% беларускіх прадпрыемстваў, на якіх працуе больш за 1 тысячу рабочых, зьяўляюцца неплатаздольнымі. Гэта сьведчыць пра крызыс той мадэлі, што была прынятая за асову беларускай эканомікі”.