У МЕНСКІМ МУЗЭІ ЯНКІ КУПАЛЫ БЕЛАРУСКІЯ ІНТЭЛЕКТУАЛЫ СУСТРАКАЛІСЯ СА СЬВЯТЛАНАЙ АЛЕКСІЕВІЧ

Алена Панкратава, Менск

Сьвятлана Алексіевіч прыехала ў Беларусь тыдні на тры. За гэты час яна мяркуе наведаць Маскву і Варшаву, дзе будзе вырашаць пытаньне экранізацыі некаторых сваіх кнігаў — дарэчы, раньніх.

Як сьведчыць пісьменьніца, ейныя раньнія творы зараз шмат перавыдаюцца на Захадзе. Чытачы той жа Італіі, дзе яна зараз жыве і працуе, а таксама Францыі вельмі актыўна вяртаюцца да пераасэнсаваньня камуністычнай ідэі, былога савецкага досьведу. Яны адмаўляюцца ад былых спрошчаных клішэ, але ставяць сабе пытаньне: што ж гэта за крывавая сацыяльная канструкцыя, якая часу ад часу так магічна вабіць да сабе людзей і пры гэтым ніяк ня можа ажыцьцявіцца?

(Алексіевіч: ) “У адной з рэцэнзіяў я прачытала, што яны ўспрымаюць мяне як хранікёра лёсу маленькага чалавека і вялікай утопіі. У той ж Італіі, дзе вельмі моцная камуністычная апазыцыя, дзе яна схаваная, мімікраваная, ідэалы і досьвед гэтай утопіі вельмі цікавыя. Калі глядзіш на нашае жыцьцё адтуль, то бачыш, што нам не хапае мужнасьці ацаніць тое, што зараз адбываецца.

Мы ўвесь час ў сыстэме міталягемаў круцімся і карыстаемся старымі адказамі. Барыкады нам падаюцца найвышэйшай формай супрацьстаяньня. А на самой справе гэта другі сьвет. І як прагучала ў часе круглага стала, і дэмакратыя, і дыктатура — гэта ўжо тэхналёгіі кіраваньня масавай сьвядомасьцю. Таму нам трэба ўсім рабіцца хаця б прафэсіяналамі”.

У часе сёньняшняга круглага стала “Інтэлектуалы: спакусы маўчаньня”, на якім старшынявала Сьвятлана Алексіевіч, беларуская творчая эліта імкнулася зразумець, чаму раней ва ўмовах татальнай несвабоды мастакі, хай на эзопавай мове, давалі шчырыя адказы на пытаньні, хто яны і дзе яны. Сёньня, як распавялі ўдзельнікі круглага стала, дый сама пісьменьніца, адчуваецца настальгія па такіх людзях.

(Алексіевіч: ) “Я думаю, што адзіная магчымасьць зараз стварыць нейкую сытуацыю палітычную, інтэлектуальную — гэта ня мітынг. Мітынг з асобнага чалавека робіць масу. А мы ўжо маем такі цэмэнтны маналіт. Я думаю, што менавіта тыя каштоўнасьці прыватнага жыцьця, да якіх прыйшоў Захад, ёсьць этапы нашага руху”.

Як лічаць удзельнікі сёньняшняга круглага стала, новыя каштоўнасьці, ідэі ў грамадзтве могуць узьнікнуць толькі тады, калі людзі насамрэч грунтоўна асэнсуюць сэнс такіх будзённых сёньня словаў, як “дэмакратыя”, “гісторыя”, “культура”, “нацыя”. Дзеля гэтага інтэлектуалам няварта маўчаць.