У МЕНСКІМ ГАРСУДЗЕ ЛІЧАЦЬ, ШТО ПЭНСІЯ БЫЛОГА КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ НА ПАЎТАРА ДАЛЯРА — ЗАКОННАЯ

Уладзімер Глод, Менск

Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка забараніў індэксацыю пэнсіі Станіслава Шушкевіча, памер яе ўвесь час зьмяншаецца. Паводле разьлікаў былога кіраўніка беларускай дзяржавы, яна цяпер эквівалентная 1 даляру 57 цэнтам ЗША.

Два з паловай гады таму Станіслаў Шушкевіч пачаў дамагацца пэнсіі, памер якой адпавядаў бы ягонаму былому статусу. Cпачатку ён прайшоў усе несудовыя інстанцыі: ад Фрунзенскага райвыканкаму Менску да Савету Міністраў Беларусі. І ўсё безвынікова. Тады экс-сьпікер зьвярнуўся ў суд. Раённы і менскі гарадзкі суды не знайшлі ў распараджэньні Лукашэнкі ніякіх парушэньняў закону. Наступная інстанцыя — асабіста старшыня гарадзкога суду. Пра яго рашэньне Станіслаў Шушкевіч кажа так:

(Шушкевіч: ) “Сэнс адказу вельмі просты — на думку выканаўцы абавязкаў старшыні Менскага гарадзкога суду, пэнсія памерам паўтара даляра, якая мне выплачваецца, гэта і ёсьць тая пэнсія, якую я павінен атрымліваць. Ніякага парушэньня нідзе і ні ў чым няма. Так што маё канстытуцыйнае права, на думку гэтага так званага, я б сказаў, судзьдзі, выкананае”.

Я спытаўся былога старшыню парлямэнту, якія ягоныя намеры. Адказ быў наступны:

(Шушкевіч: ) “Я далей падам скаргу ў Вярхоўны Суд, каб пераканацца, што ён мае такую ж самую думку, як і наш прэзыдэнт. Пошліна за разгляд гэтай справы ў 80 разоў перавышае маю пэнсію. Але вось гарадзкі суд мяне ад гэтай пошліны вызваліў. Ня ведаю, як паступіць Вярхоўны”.