ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ АБВЕРГЛІ ПРАДКАЗАНЬНІ АПАНЭНТАЎ: СТРАЙК ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня страйк працягваўся. Вось што паведаміў нашаму радыё каардынатар Аб’яднанай рады Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “У Беларусі страйк працягваецца. Страйк мае месца на рынках Менску. У прыватнасьці, не працуе каля 4 тысяч чалавек на рэчавым рынку “Ждановічы”. Таксама не працуюць рынкі “Чэрвеньскі”, “Трактар”, каля 80%а прадпрымальнікаў міні-рынкаў. У рэгіёнах сытуацыя застаецца нязьменнай. Там, дзе пачынаўся страйк, тыя гарады страйкуюць”.

Сёньня працягвалі акцыю пратэсту дробныя гандляры Маладэчна. Вось што паведаміла нашаму радыё іхная лідэрка Людміла Высоцкая:

(Высоцкая: ) “У Маладэчне быў сход прадпрымальнікаў, і рашэньне прадпрымальнікаў было, што пакуль будзем стаяць. Было прынятае рашэньне, што працу мы ня можам пачаць”.

(Карэспандэнт: ) “Якія настроі ў прадпрымальнікаў?”

(Высоцкая: ) “У нас настрой такі. што пакуль урад ня пойдзе нам насустрач, датуль мы будзем страйкаваць”.

Працягвалася сёньня акцыя пратэсту і ў Баранавічах. Вось што паведаміў старшыня Свабоднага прафсаюзу мясцовых прадпрымальнікаў Генадзь Саханчук:

(Саханчук: ) “У нас у Баранавічах чатыры з паловаю тысячы прадпрымальнікаў. Сёньня на трох рэчавых рынках гораду працавала ўсяго па некалькі прадпрымальнікаў. Астатнія страйкавалі. Праблемы ствараюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Нашых прадпрымальнікаў дэзінфармуюць, што ўсе працуюць, а толькі Баранавічы страйкуюць”.

Паводле зьвестак арганізатараў усебеларускага страйку, у наступныя дні варта чакаць актывізацыі антыстрайкавай кампаніі і ў Менску. Шэраг прадпрымальніцкіх актывістаў усё больш гучна гаворыць пра бясплённасьць распачатага пратэсту. Сёньня, напрыклад, гэтыя актывісты заклікалі спыніць страйк бізнэсоўцаў рынку “Дынама”.