ПРАДПРЫМАЛЬНКІ ПОЛАЧЧЫНЫ ПЕРАДАЛІ ПЭТЫЦЫІ МЯСЦОВЫМ УЛАДАМ

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Сёньня ад ранку наваполацкія страйкоўцы правялі свой чарговы сход, на якім заслухалі інфармацыю аб хадзе Ўсебеларускага прадпрымальніцкага страйку, а таксама прынялі пэтыцыю да гарадзкіх уладаў, у якой яшчэ раз выклалі свае патрабаваньні. У згаданым дакумэнце канстатуецца факт пашырэньня і паглыбленьня канфлікту паміж прадпрымальнікамі і ўладнымі структурамі з прычыны прыняцьця ўладамі непрадуманых заканадаўчых ды іншых актаў, якія накіраваныя на фактычнае зьнішчэньне малога бізнэсу.

“Мы кажам – годзе! Так больш працягвацца ня можа! Мы стаміліся, а таму патрабуем забесьпячэньня на заканадаўчым узроўні ўмоваў дзеля цывілізаванага разьвіцьця прадпрымальніцтва”? – гаворыцца ў прынятым дакумэнце.

Удзельнікі сходу абралі дэлегацыю ў складзе пяці чалавек, якая ўручыла пэтыцыю гарадзкім уладам. Сёньня ж пэтыцыя з аналягічнымі патрабаваньнямі была ўручаная і прадстаўнікам гарадзкіх уладаў г. Полацка.

Усебеларускі прадпрымальніцкі страйк актыўна падтрымалі таксама прадпрымальнікі Мёраў, Паставаў, Браслава, Глубокага ды іншых местаў заходняй Віцебшчыны.