За апошні месяц сотні людзей у Менску пацярпелі ад вулічных рабаўнікоў. Звычайна злачынцы нападаюць ззаду. Яны б’юць па галаве, а калі чалавек страціць прытомнасьць — адбіраюць грошы і каштоўныя рэчы.
Бальшыня злачынстваў адбываецца ў дні, калі пэнсіянэры атрымліваюць свае пэнсіі. Яны становяцца лёгкай здабычай рабаўнікоў. Звычайна такія напады маюць цяжкія наступствы для ахвяраў, людзі трапляюць у шпіталі з чэрапна-мазгавымі траўмамі й пераломамі. Ёсьць выпадкі, калі пэнсіянеры, у якіх рабаўнікі гвалтам забралі пэнсію, у выніку стрэсу паміралі ад інфаркту.
Праваахоўчыя органы рэдка раскрываюць такія злачынствы. У розных раёнах сталіцы зафіксаваная розная колькасьць такіх здарэньняў. Горшая сытуацыя ў Маскоўскім, Фрунзенскім і Заводзкім раёнах, але апошнім часам ахвярамі вулічных рабаўнікоў становяцца жыхары Савецкага і Цэнтральнага раёнаў, якія дагэтуль лічыліся больш спакойнымі.
Начальнік аддзелу крымінальнага вышуку Савецкага раёну Аляксандар Германовіч лічыць, што рост колькасьці такіх злачынстваў абумоўлены цяжкім сацыяльным становішчам у краіне.
(Германовіч: ) “Я лічу, што прычына гэтага ў сацыяльным становішчы. Корні гэтых злачынстваў сацыяльныя. Цяпер раней пачало цямнець на вуліцы. Шмат моладзі, якой няма чым заняцца. Беспрацоўныя, ня вучацца, спортам асабліва не займаюцца. А калі гэта групоўка моладзі, ды яшчэ напоі моцныя б’юць у галаву... Вось тады яны займаюцца нападамі на людзей”.
Аляксандар Германовіч кажа, што няма ўнівэрсальнага сродку абароны чалавека, які сутыкнуўся з рабаўнікамі.
(Германовіч: ) “Што рабіць? Усё роўна людзі вяртаюцца з працы дамоў. Якія могуць быць парады? Старацца вяртацца дамоў не аднаму, а з групай людзей, ці з кімсьці, хто фізычна здаравей. Не хадзіць па цёмных вуліцах, а толькі па асьветленых. Асабліва трэба пазьбягаць такіх месцаў, як цёмныя двары. Асабліва ў тыя дні, калі выдаюць пэнсіі”.
(Карэспандэнтка: ) “Мо варта ўжываць нейкія спэцыяльныя сродкі? Электрашокеры ці газавыя балёнчыкі?”
(Германовіч: ) “Магчыма, гэта й дапаможа. Але, калі чалавек вяртаецца адзін, а на яго пяць-шэсьць падлеткаў, то гэтыя сродкі вялікай карысьці не прынясуць. Наадварот, яшчэ больш раззлуюць гэтых падлеткаў”.
(Карэспандэнтка: ) “Унівэрсальнага сродку няма?”
(Германовіч: ) “Унівэрсальнага сродку няма... Але тое, што мы можам рабіць, трэба рабіць”, — на пытаньні Радыё Свабода адказваў начальнік аддзелу крымінальнага вышуку Савецкага райаддзелу міліцыі Аляксандар Германовіч.
Статыстыка крымінальных злачынстваў за апошнія дзевяць месяцаў рэзка пагоршылася ў параўнаньні зь мінулым годам. Асабліва частымі сталі грабяжы на вуліцах. Гэта якраз тыя злачынствы, якія найбольш прыкметныя ў грамадзтве. Але статыстыка сьведчыць, што рост колькасьці забойстваў і асабліва цяжкіх злачынстваў у Менску таксама значна перавышае леташнія паказчыкі.