КАБ ІСНАВАЦЬ, ВЯСКОВЫЯ ПОШТЫ ВЫМУШАНЫЯ ПЕРАТВАРАЦЦА Ў КРАМЫ

Ігар Карней, Менск

Паштовае аддзяленьне вёскі Сінькі, што на Смаргоншчыне, мала чым адрозьніваецца ад крамы рытуальных паслугаў: на сьценах кошыкі са штучнымі кветкамі, праход да паштовага акенца ўстаўлены вянкамі, на сталах побач з блянкамі тэлеграмаў жалобныя стужкі з унівэрсальнымі надпісамі.

Сярод вянкоў не адразу заўважаеш жывога чалавека — загадчыцу паштовага аддзяленьня Ніну Грывіцкую. Яна скардзіцца, што бываюць дні, калі сапраўды адчуваеш сябе як на могілках: людзі перасталі хадзіць на пошту і жыцьцё тут папросту зьнікае. Праўда, хутка сытуацыя можа зьмяніцца, бо днямі на пошце будуць усталёўваць лядоўні для захаваньня і рэалізацыі мясных вырабаў. Спадарыня Грывіцкая спадзяецца, што народ пацягнецца на пошту прынамсі за каўбасамі.

Зрэшты, аналягічную карціну можна назіраць і ў гарадох. Пошта Мёраў даўно скараціла лішніх супрацоўнікаў, паколькі зь мінімальным аб’ёмам працы бязь цяжкасьцяў спраўляецца некалькі чалавек. Клеапатры Мізер пашчасьціла, і яе на нявызначаны тэрмін пакуль што пакінулі ў штаце. Цяпер яна ўсё часьцей згадвае, якое жыцьцё было на пошце колісь.

(Мізер: ) “Усё зьмянілася. Раней быў вялізны аб’ём пошты. Столькі было пасылак, лістоў, столькі бандэроляў. А цяпер наагул нічога ня стала. Ня пішуць чамусьці. На пошце аб’ёмы ўпалі катастрафічна. Ня ведаю нават чаму: можа, сталі болей размаўляць па тэлефоне”.

Як і на вёсках, мёрская пошта паступова ператварылася ў краму пад умоўным назовам “тысяча дробязяў”. Што тут можна набыць, распавядае Клеапатра Мізер:

(Мізер: ) “Прадаём усё: пральны парашок, мыла, адэкалёны, спэцыі, цукеркі, макаронныя вырабы. Цяпер ня столькі карыстаюцца попытам паслугі пошты, колькі людзі ідуць сюды як у краму. Таму каб выжыць, мы вымушаныя гандляваць”.

Радыкальнае скарачэньне паштовых паслугаў самі супрацоўнікі гэтай сфэры найперш зьвязваюць зь неплатаздольнасьцю бальшыні спажыўцоў. Калі за савецкім часам не было практычна ніводнай сям’і, якая б не падпісалася на друкаваныя выданьні, то зараз падпісчыкаў можна пералічыць на пальцах. Лісты калі і дасылаюць, то пераважна на конкурсы, абвешчаныя рознымі забаўляльнымі выданьнямі — зноў жа ў спадзяваньні на нейкі выйгрыш.

Пасьля таго, як кошт адпраўкі тэлеграмаў выраўнаўся з тарыфамі на размовы па тэлефоне, згубіўся сэнс плаціць за двух-трохдзённае падарожжа тэлеграмы, калі з тым жа посьпехам можна патэлефанаваць. Згубіўшы асноўныя крыніцы заробку, супрацоўнікі пошты пачалі прадаваць макароны.

Рашэньнем выканкамаў досьвед гандлю на поштах будзе пашыраны: на гасразьлік пераводзяцца і гэткія ж стратныя камбінаты бытавога абслугоўваньня. Такім чынам, усьлед за паштальёнамі месцы за гандлёвымі вітрынамі цягам бліжэйшага часу зоймуць цырульнікі ды швачкі.