Парлямэнтары вырашылі, што першым крокам павінна быць запрашэньне на наступнае паседжаньне камісіі, якое адбудзецца ўжо пасьля заканчэньня сэсіі, экспэртаў зь Беларусі і жонак зьніклых людзей.
Заўтра на пленарным паседжаньні сэсіі будзе разглядацца беларускае пытаньне. Парадак дня выглядае так: спачатку выступ адмысловага дакладчыка па Беларусі Вольфганга Бэрэндта, потым выступ дакладчыка ад Юрыдычнага камітэту Вацлава Станкевіча, а потым слова будзе дадзенае беларускай апазыцыі. Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў упаўнаважыла выступіць лідэра БНФ Вінцука Вячорку, які ўчора прыехаў у Страсбур.
(Карэспандэнтка: ) “Вінцук, заўтра ў вас будзе толькі пяць хвілінаў. Што вы пасьпееце сказаць і што найбольш галоўнае павінна прагучаць з гэтай трыбуны?”
(Вячорка: ) “Перадусім, у гэты сьціплы час я пералічу хаця б па адным-два прыклады невыкананьня беларускімі ўладамі асноўных умоваў дэмакратызацыі ў краіне, пры выкананьні якіх толькі і мажлівае прызнаньне Беларусі паўнавартасным сябрам супольнасьці дэмакратычных эўрапейскіх нацыяў. Ад імя апазыцыйных партыяў я падтрымаю прапанову Вольфганга Бэрэндта, якая ўжо абнародаваная празь Інтэрнэт, не надаваць Беларусі статусу адмыслова запрошанага. Разам з тым, тое, што пытаньне вяртаньня гэтага статусу стаіць на парадку дня, для нас ёсьць знакам, што Эўропа бачыць Беларусь незалежнай краінай і ў пэрспэктыве абавязкова дэмакратычнай. І яшчэ – апошняе, але ня менш важнае – у нас, украіне, у якой няма дэмакратыі, няма мэханізмаў выяўленьня рэальных настрояў грамадзтва. У гэтай сытуацыі, ды й наагул, нікому не дадзена права падымаць пытаньне пра магчымыя зьмены статусу незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі”.
Дэпутаты палаты прадстаўнікоў Зінаіда Пянькова і Андрэй Лосеў таксама рыхтуюцца да паседжаньня па беларускім пытаньні. У прыватнасьці, яны сёньня доўга размаўлялі зь лідэрам расейскіх камуністаў Генадзем Зюганавым, які, дарэчы, на прэс-канфэрэнцыі паведаміў, што парлямэнцкая група Аб’яднаных левых, у склад якой ён уваходзіць, будзе выпрацоўваць сваю пазыцыю што да сытуацыі ў Беларусі і возьме актыўны ўдзел у дыскусіі.
Сёньня ж у Страсбур прыехаў з Парыжу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Ўладзімер Сянько.