СТАРШЫНЁЎСТВА ЭЎРАЗЬВЯЗУ АБВЯРГАЕ ЗАЯВЫ БЕЛАРУСКАГА МЗС ПРА ПРЫЗНАНЬНЕ ЛЕГІТЫМНАСЬЦІ ЛУКАШЭНКІ

Юры Сьвірко, Менск

На маю просьбу пракамэнтаваць учорашнія заявы намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Аляксандра Міхневіча пра тое, што ў Эўропе ўжо ніхто ня ставіць пад сумнеў вынікі беларускіх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, у прэсавай службе дыпляматычнага ведамства Даніі, якая да канца году старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, адказалі вельмі коратка, параіўшы прачытаць заяву ад 5 верасьня.

У той дзень у Сталай Радзе АБСЭ была распаўсюджаная заява Эўразьвязу ў адказ на выступ новага старшыні Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ Бруса Джорджа. У заяве зазначаецца: "Эўразьвяз цалкам падтрымлівае заклік Парлямэнцкае Асамблеі да беларускіх уладаў жыць адпаведна сваім забавязаньням у АБСЭ, правесьці свабодныя й справядлівыя выбары ды супрацоўнічаць з АБСЭ".

Прадстаўнік МЗС Даніі зазначыў, што заклікаць да свабодных і справядлівых выбараў было б ня трэба, калі б Эўрапейскі Зьвяз прызнаў вынікі папярэдніх выбараў у Беларусі.