“Здрада Радзіме” – менавіта такое абвінавачваньне вылучанае супраць былога прэм’ера Чэхаславаччыны Ёзэфа Ленарта і былога камуністычнага лідэра Мілаша Якеша. Гэтыя двое былі сярод тых, хто падтрымаў савецкую акупацыю Чэхаславаччыны ў жніўні 1968 году.
Абвінаваўцы кажуць, што Ленарт ды Якеш наладзілі змову ў амбасадзе СССР у Празе празь дзень пасьля таго, як савецкія танкі ўвайшлі ў Чэхаславаччыну. Быў створаны незаконны ўрад, які дапамог легітымізаваць акупацыю. “Праская вясна” – рух супраць камуністычнага рэжыму – была задушаная.
Калі Ленарт ды Якеш будуць прызнаныя вінаватымі, ім пагражае да 15 гадоў турмы. Ленарт, які быў прэм’ер-міністрам Чэхаславаччыны ад 1963 да 1968 году, у сваіх паказаньнях на судзе адкідае абвінавачаньне ў змове з савецкімі акупантамі. Якеш – апошні кіраўнік чэхаславацкай кампартыі напярэдадні “аксамітнай рэвалюцыі” 1989 году – пакуль што не даваў паказаньняў.
Дагэтуль у Чэхіі быў асуджаны толькі адзін былы камуністычны кіраўнік. Старшыня праскага камітэту кампартыі Міраслаў Штэпан у 1990 годзе атрымаў 4 гады турмы за злоўжываньне ўладай.