НАСТАЎНІКАЎ ЧАКАЕ МАСАВАЕ БЕСПРАЦОЎЕ

Галіна Абакунчык, Менск

Яшчэ напрыканцы мінулага навучальнага году міністар адукацыі Пётр Брыгадзін заявіў, што ў зьвязку з закрыцьцём некаторых школаў, пераходам на пяцідзённы працоўны тыдзень і зьмяншэньнем колькасьці навучэнцаў з гэтага верасьня скарачаецца колькасьць настаўнікаў сярэдніх школаў і пачатковых клясаў. Аднак колькі менавіта — у Міністэрстве паведаміць пакуль адмаўляюцца. Гаворыць кіраўнік галоўнае ўправы кадравае палітыкі Аляксандар Рыжоў:

(Рыжоў: ) “Сёньня мы ня можам сказаць, бо цяпер толькі йдзе фармаваньне настаўнікаў, нагрузка... Будзем ведаць пры канцы году”.

Аднак вядома, што толькі ў Менску бяз працы застануцца 800 пэдагогаў. Новую пасаду будуць шукаць таксама настаўнікі ста школаў, зачыненых у рэгіёнах краіны з прычыны малакамплектнасьці. Першымі прэтэндэнтамі на беспрацоўе ёсьць выпускнікі пэдагагічных вышэйшых і сярэдніх установаў — кажа намесьніца старшыні Беларускага прафсаюзу працаўнікоў адукацыі Алена Мазюі:

(Мазюі: ) “Я ведаю вобласьць, дзе яны гатовыя былі прыняць толькі 600 спэцыялістаў — такіх, як замежная мова, фізычная культура. А ім дасылалі дзьве тысячы. Некаторых гэта якраз вельмі задавальняе, а некаторым будзе трывожна. Мы для сябе заплянавалі пацікавіцца колькі маладых спэцыялістаў з пэдагагічнымі дыплёмамі сталі на біржу з-за беспрацоўя”.

Паводле словаў Алены Мазюі, каб папярэдзіць сацыяльны выбух, улады не пайшлі на масавае скарачэньне настаўнікаў са стажам, але прапанавалі ім пакінуць дадатковыя стаўкі. І многія пагадзіліся, не зважаючы, што пры гэтым страчваюць магчымасьць дадатковага заробку — кажа Алена Мазюі.

(Мазюі: ) “Нават затрымкі з выплатамі заробкаў ня так хвалявалі настаўнікаў, як захаваньне працоўных месцаў. Я размаўляла з Гарадком, што ў Віцебскай вобласьці: 87 пасадаў скарочана, але ніводзін чалавек ня выкінуты на вуліцу. Людзі працавалі на паўтары стаўкі, а цяпер будуць мець па адной, па паўстаўкі... і яны пагадзіліся. А што ім рабіць? Па Слуцку ў мяне былі такія выпадкі, калі на біржы працы не было ніводнага працоўнага месца. Зразумела, што чалавек пагодзіцца і на паўстаўкі, і на шэсьць гадзінаў, але каб толькі заставацца ў школе. А пытаньне будзе”.

Каб папярэдзіць новую хвалю зьбядненьня настаўнікаў, гэтымі днямі ў Савеце міністраў разглядаецца магчымасьць павелічэньня стаўкі першага тарыфнага разраду з 18 да 23 тысячаў рублёў. Акрамя таго, плянуецца, што зь 1 верасьня настаўнікам будуць даплочваць за арганізацыйна-выхаваўчую працу. Але на рэальнае падвышэньне заробку пэдагогі не разьлічваюць, бо, паводле іх, пакуль чыноўнікі зацьвердзяць гэтыя прапановы, дык надбаўкі ўжо пасьпее зьесьці інфляцыя.