УЗРОВЕНЬ САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЕНАСЬЦІ РАБОЧЫХ У БЕЛАРУСІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Панамарэнка: ) “...Яго проста звольнілі з прадпрыемства і няправільна аформілі загад у працоўнай кніжцы. Рознымі чарніламі пастаўлена, калі ён прыняты на працу і – калі звольнены. І таму цяпер чалавек ня можа працаўладкавацца на іншым месцы. Зь яго патрабуюць, каб запіс быў зроблены паводле закону. А ён дамагчыся гэтага ня можа”.

Наш сёньняшні экспэрт Ванда Панамарэнка зь Беларускага Гэльсынскага камітэту прывяла прыклад таго, якімі неверагоднымі бываюць прычыны працоўных канфліктаў. Прычыны самыя розныя, але ахвяры – адны і тыя ж. Гэта людзі, якіх нанялі на працу. Звычайна ня вельмі дасьведчаныя ў законах ды канцылярскіх справах, чым і карыстаюцца працадаўцы. Уладзімер Стрэх цяпер судзіцца з прадпрыемствам, дзе раней працаваў. Яму пашанцавала – праваабарончая арганізацыя вылучыла яму адваката для юрыдычнай дапамогі. Але зразумела, што на ўсіх пакрыўджаных бясплатных адвакатаў хутка ня хопіць. Ужо сёньня, паводле праваабаронцаў, больш як траціна зваротаў у БГК ад людзей, чые правы былі парушаныя пры звальненьні ці скарачэньні. А паводле прагнозу эканамістаў, да 2005 году праз такія працэдуры пройдзе звыш мільёна працоўных.

Рэпартаж нашага гомельскага карэспандэнта Казімера Яноўскага дапаўняе агульнарэспубліканскі малюнак гэтае справы.

(Яноўскі: ) “Панчошна-трыкатажная фабрыка “8 Сакавіка” лічыцца ў Гомелі жаночым прадпрыемствам. Тут сапраўды працуюць пераважна жанчыны. Фабрыка цяпер перажывае ня лепшыя часы. Зьмяншэньне рынку збыту трыкатажнай ды іншай прадукцыі ў Расеі спрычынілася да скарачэньня аб’ёмаў вытворчасьці, а заадно – і колькасьці працаўніц.

У апошнія месяцы прадпрыемства пакінулі звыш дзьвюх сотняў жанчын. Прычым “скарочаныя” зь іх было толькі 63. Пераважная бальшыня сышла з фабрыкі, так бы мовіць, паводле ўласнага жаданьня або са згоды бакоў.

У асяродку жанчын укаранілася меркаваньне, што іх проста выштурхоўваюць з прадпрыемства, каб не плаціць 3-месячную грашовую дапамогу ў памеры сярэдняга заробку.

Зараз на фабрыцы аб’явілі пра пераатэстацыю спэцыялістаў і кіраўнікоў сярэдняга зьвяна: “Мне не сказалі, калі ў мяне асабіста пераатэстацыя. Але я ведаю, што загад пра атэстацыю ёсьць, яна рыхтуецца”, – паведаміла адна з начальніцаў цэхаў.

На фабрыцы многія лічаць, што пераатэстацыя стане чарговай падставаю для таго, каб і жанчыны-спэцыялісты самі, без працэдуры скарачэньня, сыходзілі з фабрыкі. На выплату дапамог, абавязковых пры скарачэньні, у прадпрыемства проста няма сродкаў.

У горадзе наагул пашыранае жаночае беспрацоўе. Паводле інфармацыі гарадзкога цэнтру занятасьці насельніцтва, з 6 тысячаў афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных 70% складаюць менавіта жанчыны. Прычым, сёлета іх ўжо скарочана на гарадзкіх прадпрыемствах 4300 – на паўтысячы болей, чым за гэты ж час летась”.


(Грузьдзіловіч: ) “Падобныя рэпартажы маглі б прагучаць у нашай перадачы зь Сьветлагорску, Баранавічаў, Магілёву, Воршы – карацей, зь любога беларускага гораду, дзе знаходзяцца прадпрыемствы з рабочымі пераважна жаночага полу. І паўсюль іх усё больш скарачаюць ды звальняюць. Між тым, паводле праваабронцаў, жанчын, якія скардзяцца на парушэньні іхных працоўных правоў, у параўнаньні з мужчынамі вельмі мала. Ванда Панамарэнка тлумачыць гэта асаблівасьцямі жаночага характару:

(Панамарэнка: ) “Мне здаецца, што нашыя жанчыны больш звыклыя цягнуць такі цяжар. Не разумеюць і ня ведаюць – куды зьвярнуцца, каб зьмяніць становішча”.

Ванда Панамарэнка прывяла просты прыклад – бальшыня жанчын пасьля скасаваньня шлюбу спрабуць дамовіцца з былым мужам пра падзел маёмасьці, карыстаючыся рознымі пасярэднікамі, але не ідуць у суд. Гэтак сама і падчас працоўных канфліктаў.

Спачатку жанчына спадзяецца, што бяда не закране яе. Потым, калі яе звольнілі, нават з парушэньнем, яна спадзяецца хутка аднавіцца на працы, але ў суд не зьвяртаецца. Потым хутчэй за мужчын пачынае шукаць іншую працу і сапраўды знаходзіць яе, праўда, звычайна тую, якая горш аплочваецца. Такім чынам, жанчына часьцей пакідае свайго крыўдзіцеля непакараным і ў тым ліку таму працадаўцы часьцей выпіхваюць за браму менавіта працоўных жанчын, адзначае Ванда Панамарэнка.

Людзям, якіх, як яны лічаць, незаконна звольнілі, яна раіць зьвярнуцца спачатку у камітэт інспэцыі працы, які мае рэгіянальныя цэнтры ва ўсіх абласьцях. Калі гэта не дапаможа, шлях адзін – у суд. І абавязкова з добрым адвакатам ці праваабаронцам.

Дапамагчы можа і цэнтар занятасьці насельніцтва – але толькі ў пошуках новай працы. Толькі людзі заўважылі, што ў гэтых установах лепш дапамагаюць сваякам ды знаёмым, а чалавек “проста з вуліцы” можа разьлічваць хіба што на ўдачу.

А збольшага праблему беспрацоўя загадам ці разьмеркаваньнем ня вырашыць, лічыць Ванда Панамарэнка. Бо галоўная прычына ў тым, што дрэнна працуе эканоміка, і няма такога рэфармаваньня, якое б спрыяла адкрыцьцю новых працоўных месцаў.

Напрыканцы – апошнія навіны пра справы зьніклых апазыцыянэраў.

З прычыны таго, што зрухаў у расьсьледаваньнях няма, сваякі зьніклых вырашылі падштурхнуць сьледчых. Яны праз суд пачалі працэдуры прызнаньня Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага людзьмі, якія “бязь зьвестак адсутнічаюць”. Ёсьць такі юрыдычны статус зьніклага чалавека. Спадзяваньні на тое, што падчас судовых разглядаў сьледчыя будуць вымушаныя агалосіць пэўныя зьвесткі пра лёс гэтых людзей”.