САВЕЦКАЯ ВЫДУМКА ДА ТУРМЫ ДАВЯДЗЕ

Алесь Грыневіч, Менск

Самалёт амэрыканскай авіякампаніі “American Airlines”, які ў аўторак ляцеў з Чыкага ў Сан-Францыска і меў на борце 108 пасажыраў, зрабіў тэрміновую пасадку ў Солт-Лэйк-Сіты. 22-гадовы выхадзец зь Беларусі Максім Сягалаў вырашыў з дапамогаю запальніцы “падзарадзіць” батарэйкі для свайго плэера. Гэта ўбачылі іншыя пасажыры. Яны паведамілі экіпажу пра падазроныя, на іхную думку, дзеяньні. Пілёты вырашылі не рызыкаваць і пайшлі на незаплянаваную пасадку ў найбліжэйшым аэрапорце.

Цяпер Сягалава вінавацяць у перашкодзе дзеяньням экіпажу самалёта. Гэта прадугледжвае пакараньне да 20 гадоў турмы і да 250 тысячаў даляраў штрафу.

Адвакат Стывен Кілпэк кажа, што Сягалаў ня меў ніякіх злых намераў. “Я думаю, што ён перапалоханы да сьмерці й на гэты момант нічога не разумее” – цытуе словы Кілпэка агенцыя Associated Press. Адвакат кажа, што Сягалаў ужо 8 гадоў жыве ў ЗША, атрымаў амэрыканскае грамадзянства, вучыцца ва ўнівэрсытэце Сан-Хасэ ў Каліфорніі і дагэтуль ня меў праблемаў з законам. Дарэчы, паводле прадстаўніцы пракуратуры Солт-Лэйк Сіці, Сягалаў вяртаўся дадому пасьля візыту да сваякоў у Менску.

Прэсавая сакратарка “American Airlines” Соня Ўайтман лічыць, што экіпаж самалёта прыняў слушнае рашэньне пра тэрміновую пасадку. А прадстаўнік Фэдэральнага бюра расьсьледаваньняў Джордж Дагерці заявіў у інтэрвію тэлекампаніі СNN, што пасьля тэрактаў у ЗША ў верасьні мінулага году, усе нестандартныя сытуацыі на самалётах ўспрымаюцца нашмат больш сур’ёзна.

Кіраўнік прэсавага цэнтру Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Беларусі Вадзім Біцан кажа, што на беларускіх самалётах інцыдэнтаў з затрыманьнем пасажыраў не адбывалася ніколі. Паводле ягоных словаў, на самалётах кампаніі “Белавія” ўсе небясьпечныя рэчы, у тым ліку й запальніцы, пасажыры таксама мусяць здаваць у багаж. Некалькі тыдняў таму сьпісы гэтакіх рэчаў былі вывешаныя ў памяшканьнях беларускіх аэрапортаў.

На думку спадара Біцана, амэрыканскі інцыдэнт, хутчэй за ўсё, быў непаразуменьнем у выніку страху, які пануе пасьля леташніх тэрактаў у ЗША. Я запытаўся ў яго, якія інструкцыі маюць беларускія экіпажы на выпадак нестандартных сытуацыяў, кшталту падагрэву батарэяк запальніцаю?

(Біцан: ) “Відаць, сьцюардэса б высьветліла: “А што Вы робіце? А што гэта такое?” Ён бы ёй растлумачыў, што гэта такое. І відаць яна б яму сказала, што ня трэба... калі ласка, спыніце гэтыя дзеяньні, бо яны не павінныя адбывацца на борце самалёта”.