ПРАТЭСТ СУПРАЦЬ АНТЫДЭМАКРАТЫЧНАЕ ПАЛІТЫКІ ГАРАДЗКІХ УЛАДАЎ ВЫКАЗАЛІ АРШАНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ДЫ ПРАДСТАЎНІКІ НЕЗАЛЕЖНАЕ ПРЭСЫ.

Браніслава Станкевіч, Ворша

Пікет у Воршы каля кінатэатра “Перамога” распачаўся а 4-й вечара. Ад пачатку на ім сабраліся аршанскія прадпрымальнікі ды рынкавыя гандляры зь ліку тых, што ўдзельнічалі ў нядаўнім агульнабеларускім страйку ды засьведчылі сваё адмоўнае стаўленьне да сучаснае дзяржаўнае падатковае палітыкі. Але неўзабаве пад плякатам “Новыя сацыяльныя падаткі – гэта рэкет з боку дзяржавы” сабраліся ўжо некалькі дзесяткаў чалавек, і пікет па сутнасьці ператварыўся ў прафсаюзны сход на чале са старшынём прадпрымальніцкае суполкі Вольнага прафсаюзу Аляксандрам Сталяровым.

Да ўдзелу ў гэтым сходзе былі прыцягнутыя і гараджане- мінакі – асноўныя пакупнікі Аршанскага рынку. Ім раздавалі ўлёткі пад назовам “Посьпех нашага гандлю залежыць ад вашага дабрабыту”, дзе апавядаецца пра ўчорашняе павелічэньне адзінага мясцовага падатку з рынкавых гандляроў. Але пакуль на працягу цэлае гадзіны гандляры ды пакупнікі абмяркоўвалі непазьбежнае ў сувязі з гэтым падвышэньне коштаў на аршанскім рынку, гарадзкое кіраўніцтва, з дазволу якога і праводзіўся сёньняшні пікет, так і не палічыла патрэбным яго наведаць. Гэта з незадавальненьнем адзначылі амаль усе ўдзельнікі прадпрымальніцкае дыскусіі…

Працягнулі абмеркаваньне цяперашняе палітыкі гарадзкога кіраўніцтва супрацоўнікі незарэгістраванай аршанскай незалежнай газэты “Куцейна”. А 5-й вечара яны выйшлі працягваць пікетаваньне, маючы плякат са словамі “Аршанская карумпаваная ўлада баіцца, што людзі даведаюцца праўду, і не дазваляе выпускаць “Куцейну”. Нагадаем, што гэтай газэце “абвясьціў вайну” асабіста старшыня Аршанскага гарвыканкаму Валяньцін Майсяюк. Цяпер газэта ня мае магчымасьці быць зарэгістраванай, бо ўсе суб’екты гаспадараньня ў Воршы атрымалі з гарвыканкаму негалосны загад адмаўляць рэдактару “Куцейны” Віктару Андрэеву ў прадстаўленьні юрыдычнае адрэсы. У такую няміласьць “Куцейна” трапіла пасьля таго, як летась надрукавала артыкул пра кватэрныя махінацыі з удзелам старшыні гарвыканкаму. Дарэчы, некалькі сотняў паасобнікаў гэтага артыкулу былі раздадзеныя на сёньняшнім пікеце аршанскім мінакам…

Мінакі атрымалі і паасобнікі “Акту незалежнасьці Беларусі”, якія распаўсюджвалі аршанскія сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, таксама далучыўшыся да пікетоўцаў. Бо, паводле словаў старшыні гарадзкое суполкі КХП БНФ Юрася Конышкі, толькі сапраўдная незалежнасьць краіны можа быць гарантам сацыяльных ды эканамічных правоў яе грамадзянаў.