НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІЯ ДАМАГЛАСЯ СКАРАЧЭНЬНЯ ВЯШЧАНЬНЯ РАСЕЙСКІХ ТЭЛЕКАНАЛАЎ НА БЕЛАРУСЬ

Ігар Карней, Менск

Ад 13 жніўня адмысловы радыётэлевізійны перадавальны цэнтар, што месьціцца ў сталічным прыгарадзе Калодзішчы, мусіць “дазаваць” тэле- і радыёэфір некаторых расейскіх каналаў на тэрыторыю Беларусі. Сярод гатовых да істотнага скарачэньня вяшчаньня — расейскія радыёстанцыі “Маяк”, “Юность”, а таксама тэлеканалы РТР, НТВ і “Культура”.

Чым выкліканае падобнае рашэньне, не маглі патлумачыць ні ў Міністэрстве сувязі, якое непасрэдна кіруе працай перадавальнага цэнтру, ні ў структуры той жа Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Толькі позна ўвечары тэлефонную трубку зьняў сам старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, які пацьвердзіў, што інфармацыя, якая зьявілася ў другой палове дня, сапраўдная.

(Рыбакоў: ) “Ну, калі такая інфармацыя прайшла, значыць, гэта так. Прычына ў вялізных запазычанасьцях расейскіх кампаніяў перад Міністэрствам сувязі. Сумы настолькі вялікія, што праблемны вузел сам не разьвязваецца, і мы вымушаныя пайсьці на падобны крок. Пакуль плянуецца, што гэтая мера будзе дзейнічаць да моманту аплаты. Але з улікам сумаў запазычанасьці, тых вялікіх грошай, невядома, на які тэрмін усё гэта расьцягнецца. Назапашваліся гэтыя запазычанасьці некалькі гадоў, а ў дзяржавы няма адпаведных сродкаў, каб усё кампэнсаваць. Усе ж запазычанасьці вісяць на нашай кампаніі. Таму гэта цалкам вымушаная мера”.

Пакуль у ведамстве спадара Рыбакова ня вырашылі, у які час вяшчаньне праграмаў будзе прыпыненае — адпаведнае рашэньне будзе прынятае на заўтрашняй ранішняй нарадзе. Але ў адказ на пытаньне — што гледачы ўбачаць на экране, альбо пачуюць на звыклых частотах “Маяка”, Ягор Рыбакоў адказаў адным словам: “Нічога”. Такім чынам, у эфіры “Маяка” і “Юности” пэўны час будзе цішыня, экраны ж тэлеканалаў НТВ, РТР і “Культура” будуць пустыя.

Паводле некаторых крыніцаў, пакуль час трансьляцыі будзе вагацца ў межах 10-12 гадзінаў. Калі падобнага папярэджаньня будзе недастаткова, санкцыі надалей могуць быць узмоцненыя.

Паказальна, што ня першы ўжо канфлікт паміж тэлевізійнымі ведамствамі суседніх краінаў разгараецца ў той момант, калі шэраг расейскіх каналаў распачынае паўторную трансьляцыю матчаў Чэмпіянату сьвету па футболе. Нагадаю, што два месяцы таму менавіта паказ футболу стаўся прычынай канфлікту паміж Беларускай тэлерадыёкампаніяй і расейскімі каналамі. Тады дайшло да ўзаемных абразаў і пагрозаў высьвятленьня праўды ў судовых інстанцыях. Чым усё скончыцца цяпер — не прагназуе ніхто.