У ВЫНІКУ БУРЫ Ў МЕНСКУ ЗАТОПЛЕНАЯ СТАНЦЫЯ МЭТРО "ПЛОШЧА ЯКУБА КОЛАСА"

Любоў Лунёва, Менск

Паваленымі дрэвамі пабіта некалькі аўтамабіляў. Шмат людзей, параненых бляшанымі лістамі, якія зьляталі з дахаў дамоў, зьвяртаецца па мэдычную дапамогу.

З-за паваленых дрэваў на дарогах утварыліся пробкі. Месцамі ў горадзе абарваліся лініі электраперадач. На некаторых лініях спыніўся рух тралейбусаў.

Дакладнай лічбы пацярпелых на гэты час няма. У дзяжурнай частцы Міністэрства па надзвычайных сытуацыях паведамілі Радыё Свабода, што шкода, зробленая ўраганам, будзе вядомая раніцай. Уначы чакаецца новая хваля ўрагану.