Пытаньне пра звальненьне Аляксандра Старыкевіча было ўзьнятае нядаўна абраным старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанідам Козікам. Ён патлумачыў гэта, на ягоную думку, непрафэсійным узроўнем прафсаюзнага выданьня. "Беларускі час" спадар Козік параўнаў з насьценнай газэтай. У газэце, якую рэдагуе Старыкевіч, на думку старшыні Фэдэрацыі, мала ўвагі надаецца прафсаюзнаму жыцьцю.
Аднак з такой думкай пагадзіліся далёка ня ўсе сябры прэзідыуму Фэдэрацыі. Як высьветліла галасаваньне, якое было адкрытым, толькі 12 чалавек падтрымалі Козіка. 11 прагаласавалі супраць, астатнія ўстрымаліся альбо наагул ня бралі ўдзелу ў галасаваньні. У выніку ініцыятыве Козіка у пытаньні звальненьня Старыкевіча не хапіла 6 галасоў. Такім чынам, Аляксандар Старыкевіч будзе працягваць працу на пасадзе галоўнага рэдактара "Беларускага часу". Вось як ён пракамэнтаваў нашаму Радыё вынікі сёньняшняга разгляду пытаньня пра звальненьне:
(Cтарыкевіч: ) "Мне вельмі прыемна, хаця я думаю, што наступным крокам з боку ўладных структураў будуць правакацыі на мой адрас з тым, каб усё ж такі пазбавіцца ад непажаданага галоўнага рэдактара. Я ведаю толькі адно: незалежна ад таго, хто зьяўляецца старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай, пакуль я займаю пасаду галоўнага рэдактара, будуць наперадзе стаяць толькі прафэсійныя пытаньні, а не асабістая адданасьць, палітычная кан'юнктура ці нешта іншае. Мабыць, вось гэта не задавальняе цяперашніх ініцыятараў майго звальненьня, і яны спрабавалі гэтае пытаньне вось гэткім чынам "прапіхнуць".
Леанід Козік, камэнтуючы журналістам сёньняшняе рашэньне, патлумачыў яго складам прэзыдыюму, які ён лічыць слабым. І падобна на тое, што Леанід Козік не зьбіраецца мірыцца са сваёй сёньняшняй паразай:
(Козік: ) "Мы абавязкова зробім гэтую газэту нармалёвай. Палітычныя "інтрыжкі" там скончацца. Калектыў там моцны. Карэспандэнты малайцы. Мы накіруем іх на канструктыўную працу. Я мяркую, што зь цяперашнім галоўным рэдактарам мы гэтага ня зробім. Гэта цудоўна разумее і цяперашні галоўны рэдактар, і тыя, хто яго абараняе. Я думаю, што гэта мы зробім з новым рэдактарам, і вельмі-вельмі хутка".
Пры гэтым Леанід Козік не патлумачыў, якім чынам адбудзецца новая спроба зьмены галоўнага рэдактара "Беларускага часу".