СУДЗЯЦЬ ГАРАДЗЕНСКІХ “НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ”

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Дзесяць удзельнікаў Ланцуга неабыякавых людзей гарадзенская міліцыя затрымала 8 ліпеня. Уся іхная віна была ў тым, што яны трымалі ў руках партрэт Зьмітра Завадзкага. Суд прызнае ўдзельнікаў ланцуга вінаватымі, але віну іхную лічыць вельмі нязначнай — вартай толькі вуснай заўвагі.

На сёньняшні дзень толькі адна з затрыманых міліцыяй асобаў пакараная штрафам, іншым аб’яўляюць вусную заўвагу.

Сёньня выклікалі ў суд актывістку “Маладой грамады” Сьвятлану Нех. Яе таксама затрымалі 8 ліпеня. У пратаколе яна напісала, што адмаўляецца зьявіцца ў суд — па зьвестках зь міліцыі, пасьля выходных яе даставяць у суд прымусам. Сваю адмову Сьвятлана Нех матывуе так. У чэрвені падчас суду над журналістамі “Пагоні” ў судовым будынку яе стукнуў па галаве міліцыянт, група грамадзянаў склала тады скаргу ў пракуратуру. Толькі што атрыманы адказ зь Ленінскай раённай пракуратуры, у ім паведамляецца, што праверка быццам бы не пацьвердзіла скаргу.