ДЖОРДЖ БУШ НАЗВАЎ БЯГУЧЫ ГОД ПАВАРОТНЫМ ПУНКТАМ У ГІСТОРЫІ

Юры Сьвірко, Рыга

Амэрыканскую дэлегацыю на рыскім саміце ўзначальвае сэнатар Трэнт Лот, лідэр рэспубліканскае меншасьці ў верхняй палаце Кангрэсу ЗША. Як зазначыў у сваім відэазвароце да ўдзельнікаў саміту “Рыга-2002” прэзыдэнт Джордж Буш, “Сэнат ЗША мае адыграць крытычную ролю ў ратыфікацыі любога пашырэньня NATO, і я вітаю лідэрства майго сябра сэнатара Лота ў гэтых важлівых пытаньнях”.

Прэзыдэнт Буш у сваім звароце зазначыў: “Мы шукаем новую Эўропу, якая пахавала свае гістарычныя напружанасьці ды ёсьць падрыхтаванай да выклікаў па-за межамі Эўропы. Амэрыка працягне працаваць разам з Эўропай дзеля ажыцьцяўленьня гэтага бачаньня”.

Джордж Буш таксама сказаў удзельнікам рыскае сустрэчы: “На праскім саміце пазьней сёлета мы можам зрабіць вялікі крок, пашырыўшы NATO ды ўлучыўшы ў яго ўсе эўрапейскія дэмакратыі, якія гатовыя падзяляць адказнасьць NATO”.

Паводле прэзыдэнта ЗША, краіны “Віленскае дзясяткі” за два гады пасьля іхнай першай сустрэчы ў літоўскай сталіцы дасягнулі рэальнага прагрэсу ў істотных рэформах, неабходных для сяброўства ў NATO.

Джордж Буш нагадаў пра ўдзел усіх краін NATO ў змаганьні з тэрарызмам пасьля падзеяў 11 верасьня і заявіў: “NATO мусіць падрыхтавацца змагацца й перамагчы тэрор, а таксама іншыя пагрозы свабодзе, зь якімі мы разам сутыкаемся. І новыя сябры дапамогуць палепшыць мажлівасьці NATO”.

Амэрыканскі прэзыдэнт лічыць, што “праскі саміт адзначыць пачатак новай эры ў Эўропе ды ў трансатлянтычных стасунках, вызначаных большай бясьпекай і большай свабодай”.

“Мы пабачым, як вялікі альянс свабоды расьце й рыхтуецца выканаць сваю старую місію ў новай эры. І я наважаны дасягнуць посьпеху, я перакананы, што нашыя дзеці запомняць гэты год як найважнейшы паваротны пункт у іхнай гісторыі”, – заявіў прэзыдэнт ЗША.

Ягоны прадстаўнік у Рызе сэнатар Трэнт Лот сказаў прэзыдэнтам трох краінаў Балтыі, што Расея цяпер з большым разуменьнем ставіцца да пашырэньня NATO, чымся год таму, і Масква ўжо ня бачыць у гэтым альянсе патэнцыйнага агрэсара. Сэнатар нагадаў, што прэзыдэнтаў ЗША й Расеі зьвязваюць стасункі даверу й сяброўства. Спадар Лот таксама пахваліў краіну-арганізатара саміту: “Ніводная краіна не падрыхтавалася да ўступу ў альянс лепш за Латвію”.

У Рыгу прыехаў таксама прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа – Радыё Свабода Том Дайн, які ў інтэрвію сёньняшняй газэце “Rigas Balss” заявіў, што Расея ня зможа паўплываць на ход галасаваньня ў сёлетнім лістападзе ў Празе ды “ўстрымаць дзяржавы Балтыі ад далучэньня да NATO на хвалі пашырэньня”.

Нагадаўшы пра значную колькасць расейскамоўных жыхароў у Латвіі, Том Дайн зазначыў: “Бязьмежна важным ёсьць працэс інтэграцыі грамадзтва ў дзяржаве. Удзел Латвіі ў шматнацыянальных арганізацыях у значнай ступені вызначаецца тым, наколькі вялікі прагрэс будзе дасягнуты менавіта ў гэтай галіне. Радыё Свабодная Эўропа – Радыё Свабода лічыць гэтае пытаньне такім важным, што мы распачалі сваю ўласную перадачу пра інтэграцыю грамадзтва. Яе кожны тыдзень рыхтуе латыская рэдакцыя”.

У працы рыскага саміту бярэ ўдзел сакратар Рады нацыянальнае бясьпекі Ўкраіны Яўген Марчук. Пра Беларусь сёньня на саміце не сказалі пакуль ані слова.