МІХАІЛ МАРЫНІЧ ПРЭЗЭНТАВАЎ ПРАГРАМУ ВЫХАДУ БЕЛАРУСІ З КРЫЗЫСУ

Уладзімер Глод, Менск

Як сёньня высьветлілася, леташні ўрок не перакрэсьліў амбітных плянаў Міхаіла Марыніча. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ён пачаў узнаўляць дзейнасьць грамадзкай арганізацыі “Дзелавая ініціятыва”, якой у свой час кіраваў Генадзь Карпенка. Цяпер філіі “Дзелавой ініцыятывы” існуюць у шэрагу прамысловых цэнтраў Беларусі і нават у замежжы.

Адначасова з групай эканамістаў і палітолягаў Марыніч распрацоўваў новую стратэгію для Беларусі, якая атрымала назву “Пяць “крокаў” новай палітыкі”. У ёй асэнсаваныя тыя зьмены, што адбыліся ў краіне пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Вось як ацэньвае іх спадар Марыніч:

(Марырніч: ) “Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў становішча ў Беларусі значна пагоршылася. Па-першае, значна павялічылася самаізаляцыя краіны, менавіта, самаізаляцыя, а не ізаляцыя. Па-другое, зараз Беларусь мае самы нізкі прырост сукупнага ўнутранага прадукту сярод усіх краінаў СНД. Па-трэцяе, Беларусь імкліва губляе замежныя рынкі, асабліва суседнія. Амаль палова беларускіх прадпрыемстваў сталі стратнымі”.

Сёньня Міхаіл Марыніч у рамках пяцікрокавай стратэгіі тлумачыў эканамічны яе блёк. Прапануецца шэраг новых падыходаў. У прыватнасьці, увесьці мараторый на 18 месяцаў на праверку прадпрыемстваў. Перагледзець падатковую палітыку, прызначыць адзіны падаходны падатак на 10%. Прапануецца стварыць беларускую мадэль “Уласнасьць — для ўсіх”, ствараць працоўныя месцы для малога і сямейнага бізнэсу ў адпаведнасьці з прынцыпам “Тут і адразу”.

Ня толькі журналісты, але і запрошаныя на канфэрэнцыю дыпляматы (у прыватнасьці, з Польшчы, Расеі, Нямеччыны і іншых краінаў), шмат занатоўвалі, слухаючы прапановы Марыніча. Але першае пытаньне, якое задалі журналісты спадару Марынічу пасьля яго выступу, гучала так: “Наколькі Вы асабіста верыце, што Вашыя прапановы могуць быць выкарыстаныя бязь зьмены ўлады?”

Вось як адказаў на гэтае пытаньне Міхаіл Марыніч:

(Марыніч: ) “Я думаю, што гэта магчыма. Сацыяльна-эканамічнае становішча настолькі цяжкае, што ўлады будуць вымушаныя ісьці на пэўныя рынкавыя крокі. І эканамічныя эліты павінны быць гатовыя ўжо сёньня да пачатку рэформаў. Свае праграмы рэфармаваньня эканомікі маюць БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, эканамічная група палаты прадстаўнікоў... Але, мне падаецца, нашая праграма ўсё ж больш грунтоўная, яна ўлічвае ўсе аспэкты пераходнага часу. Ужо сёньня мы ведаем, што рабіць, калі ўлады альбо зьменяць эканамічны курс, альбо да кіраўніцтва Беларусі прыйдуць новыя людзі”.