У ВАРШАВЕ ПРАЙШОЎ ПІКЕТ У ПАДТРЫМКУ МІКОЛЫ МАРКЕВІЧА І ПАЎЛА МАЖЭЙКІ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Удзельнікі пікету падпісалі зварот да амбасадара Беларусі ў Польшчы, у якім запатрабавалі неадкладнага скасаваньня ўчорашняга судовага выраку ў справе Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў амбасадар Мікалай Крэчка. Спадар Крэчка прыняў зварот ўдзельнікаў пікету, а на просьбу пракамэнтаваць вырак гарадзенскага суду адказаў наступнае:

(Крэчка: ) “Цікава, а што я магу сказаць? Суд ёсьць суд, што ў Беларусі, што ў любой іншай краіне. Калі ёсьць закон, дык трэба яго выконваць. Гэта, каб вы ведалі, адна з асноваў дэмакратыі”.

Спадар Крэчка сказаў таксама, што вывучыць зьмест звароту і потым вырашыць, што зь ім рабіць далей.

Сярод прысутных былі як грамадзяне Беларусі, так і Польшчы. Гаворыць студэнтка зь Беларусі, спадарыня Галіна:

(Галіна: ) “Я была шакаваная выракам гарадзенскіх суддзяў. Таму як грамадзянка Беларусі я лічу сваім доўгам выказаць пратэст і падтрымаць людзей, якія на працягу доўгага часу так мужна змагаюцца за свабоду нашай Бацькаўшчыны”.

Польшча не павінна заставацца абыякавай да праблемаў Беларусі – гэтак сваю прысутнасьць на пікеце тлумачылі грамадзяне Польшчы. Гаворыць жыхарка Варшавы Дамініка Ягела:

(Ягела: ) “Нягледзячы на тое, што я полька, я прыйшла на гэты пікет, бо лічу, што Польшча і Беларусь маюць вельмі шмат агульнага. Нашая краіна не павінна быць абыякавай да таго, што дзеецца ў Беларусі. Наш урад не прызнае так званай беларускай дэмакратыі, і мы павінны дапамагаць Беларусі, як некалі, калі мы змагаліся за сваю свабоду, іншыя краіны дапамагалі нам”.

Прысуд ў справе “Пагоні” для Радыё Свабода пракамэнтаваў экспэрт польскага Гельсынкскага камітэту Веслаў Вацлаўчык, які
прысутнічаў на пікеце.

(Вацлаўчык: ) “Цяжка знайсьці прэцэдэнт такому выраку. У дэмакратычных краінах ёсьць нормай, што за артыкулы журналістаў не перасьледуюць паводле крымінальнага кодэксу, а звычайна, нават калі гэта тычыцца прэзыдэнта, выкарыстоўваецца кодэкс адміністрацыйны. А па-другое, сам вырак – 2 і 2 з паловай гады – у кантэксьце міжнароднай практыкі падаецца чымсьці незразумелым.

Таму хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што калі хто-небудзь дагэтуль меў нейкія ілюзіі што да сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі, то пасьля гэтага выраку такіх ілюзіяў напэўна ўжо ня мае”.

У пікеце ўзяў удзел старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Напрыканцы акцыі адзін зь сябраў моладзевага руху “Зубр”, спадар Антось, насупраць амбасады спаліў партрэт кіраўніка Беларусі.