У ПОЛЬСКАЙ БЕЛАВЕЖЫ АДБЫЛАСЯ МІЖНАРОДНАЯ НАВУКОВАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ “ШЛЯХ ДА ЎЗАЕМНАСЬЦІ”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Аўтар ідэі канфэрэнцыі і яе стваральнік, загадчык кафэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту прафэсар Аляксандар Баршчэўскі акрэсьлівае галоўную ідэю правядзеньня “Шляху да ўзаемнасьці” наступным чынам:

(Баршчэўскі: ) “Вынікае гэтая ідэя з самаго назову майго аўтарства – “Шлях да ўзаемнасьці”. У якіх галінах? У галінах літаратуры, мастацтва, мавазнаўства, фальклёру, гісторыі, навучаньня і культуры. Гэта галоўны тэматычны дыяпазон, але некалькі гадоў таму мы яго пашырылі на беларускую эміграцыйную пісьмовасьць. Доказам гэтага пашырэньня ёсьць знакамітыя выступы доктара Вітаўта Кіпеля і доктара Янкі Запрудніка”.

Удзел дзеячоў беларускай эміграцыі са Злучаных Штатаў Амэрыкі сапраўды выклікаў значны інтарэс прысутных. Дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Масітацтва ў Нью-Ёрку спадар Вітаўт Кіпель распавёў пра дзейнасьць гэтай установы, якая існуе ўжо паўстагодзьдзя. Паводле спадара Кіпеля, сярод іншага Беларускі Інстытут ўжо падрыхтаваў да друку вельмі неабходны зараз ангельска-беларускі слоўнік, значная частка накладу якога будзе перададзеная ў Беларусь.

Вядомы беларускі дзеяч, пісьменьнік, а таксама шматгадовы супрацоўнік беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” спадар Янка Запруднік, які жыве цяпер у ЗША, у часе канфэрэнцыі прэзэнтаваў сваю новую кнігу – аўтабіяграфічную аповесьць “Дванаццатка”. Гаворыць спадар Запруднік:

(Запруднік: ) “Гэта мэмуарна-дакумэнтальная аповесьць пра дванаццацёх беларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікай Брытаніі і Бэльгіі ў пэрыяд ад 1946 па 1954 год. Я спадзяюся, што наш досьвед, нашая гісторыя маладых беларусаў бяз Бацькаўшчыны, як мы трымаліся разам, як мы выжылі, атрымалі без дапамогі бацькоў вышэйшую адукацыю, будзе карысны для цяперашніх беларусаў, якія зараз у такім узросьце, як мы былі тады”.

У часе канфэрэнцыі былі прадстаўленыя шэраг навуковых дакладаў на вельмі розныя тэмы – ад гісторыі польска-беларусіх стасункаў да аналізу беларускай літаратуры, а таксама моўнай сытуацыі ў Беларусі. Пра тое, як зьмяніліся за апошнія гады ўмовы існаваньня беларускай мовы ў Беларусі, гаворыць былая амбасадар Польшчы ў Беларусі, прафэсар Эльжбэта Смулкова:

(Смулкова: ) “Я мела прыемнасьць працаваць у Беларусі ў часе вельмі актыўнага разьвіцьця і ўздыму прэстыжу беларускай мовы. Ад часу, калі ўсе дзяржаўныя справы вядуцца на расейскай мове, сілай фактаў гэты прэстыж паніжаецца. Гэта з аднаго боку. А з другога, ёсьць такія зрухі зьнізу, сярод моладзі і людзей сярэдняга веку, якія не дазваляюць глядзець на рэчы пэсымістычна. Я адна маю столькі знаёмых беларусаў, якія працуюць, перакладаюць на беларускую мову паэзію, прычым ня толькі славянскую, але і, напрыклад, французкую і скандынаўскую, што ёсьць спадзяваньні, што беларуская мова будзе трымацца як мова элітарнай культуры”.

Увогуле, паводле меркаваньняў прысутных, у прыватнасьці гісторыка зь Берасьця Аляксандра Вабішчэвіча, супрацоўніцтва беларускіх і польскіх навукоўцаў разьвіваецца дастаткова дынамічна, адбываюцца міжнародныя канфэрэнцыі, зьяўляецца шэраг сумесных працаў па гісторыі.

(Вабішчэвіч: ) “Такія кантакты і гісторыяграфічны дыялёг спрыяюць ня толькі пазнаньню мінулага, пазнаньню часам вельмі балючых і няпростых белых плямаў у нашай супольнай гісторыі, але і цяперашняму асэнсаваньню тых падзеяў. Гэта стварае грунт для добрарасуседзкіх адносінаў у будучым”.

У выніку затрымкі свайго прылёту з Гішпаніі ў канфэрэнцыі ня ўзяў удзел міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч, які мусіў распавесьці прысутным пра галоўныя прынцыпы польскай замежнай палітыкі.