ЗЬ МІНІМАЛЬНАЙ ПЕРАВАГАЙ ВЫБАРЫ СТАРШЫНІ МАЛАДОГА ФРОНТУ ВЫЙГРАЎ ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Малады Фронт праводзіў свой чарговы Сойм, які мусіў вызначыць стратэгію дзеяньня гэтай арганізацыі на бліжэйшую пэрспэктыву. У ім брала ўдзел 172 дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Паводле Паўла Севярынца, які ўзначальвае Малады Фронт усе 5 гадоў яго існаваньня, апошні час беларуская моладзь пачала выходзіць са стану апатыі, выкліканага паразай апазыцыі на мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбарах. Прапанаваная ім і ягонымі паплечнікамі канцэпцыя стратэгіі Маладога Фронту мае на мэце пашырэньне шэрагаў сяброў арганізацыі, умацаваньне рэгіянальных структураў, выкарыстаньне ў працы найноўшых тэхналёгіяў, стварэньне шырокага аб’яднаньня моладзевых арганізацыяў і г.д.

Паводле Севярынца, ад часу мінулага Сойму Малады Фронт выканаў свае стратэгічныя задачы на дзьве траціны. Гаворыць найбліжэйшы паплечнік і намесьнік спадара Севярынца Аляксей Шэін:

(Шэін: ) “Я лічу гэты зьезд праграмным, таму што найважнейшае пытаньне — гэта прыняцьце стратэгіі й тактыкі дзейнасьці Маладога Фронту на наступныя два гады. Я спадзяюся, што прыняўшы гэтую праграму дзеяньняў, Малады Фронт зможа зрэфармаваць, дзе трэба, сваю працу ды выйсьці на тыя палітычныя кампаніі, якія чакаюць нас наперадзе. Гэта, магчыма, і мясцовыя выбары, магчыма, і рэфэрэндум — з дакладна вызначанымі стратэгіяй і тактыкай дзеяньняў”.

Прапанаваная зьезду стратэгія іншага прэтэндэнта на пасаду старшыні Маладога Фронту, кіраўніка гарадзенскай рэгіянальнай арганізацыі Вадзіма Саранчукова, амаль нічым ня розьніцца ад праграмы Паўла Севярынца. Тое ж умацаваньне структураў Маладога Фронту, тая ж праца дзеля пашырэньня колькасьці сяброў і г.д. Праўда, спадар Саранчукоў выступае за большую свабоду рэгіянальных арганізацыяў Маладога Фронту.

Гаворыць спадар Саранчукоў:

(Саранчукоў: ) “На маю думку, зь сёньняшняга дня Малады Фронт павінен стаць сапраўднай добраўпарадкаванай арганізацыяй, арганізацыяй, якая здолее павесьці за сабой беларускую моладзь. Я думаю, што гэта атрымаецца, бо ўся эвалюцыя Маладога Фронту на гэта скіраваная. Усе мае дзеяньні будуць накіраваныя менавіта на канкрэтыку. І канкрэтныя дзеяньні павінны стаць агульнамаладафронтаўскімі — гэта самае важнае”.

Такім чынам, відавочна, што стратэгіі абодвух кандыдатаў амаль нічым ня розьняцца, і ўсе маладафронтаўцы выступаюць за пашырэньне сваіх шэрагаў. Да гэтага іх сёньня заклікалі й госьці зьезду лідэры БНФ Вінцук Вячорка і сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксей Кароль, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч ды іншыя вядомыя асобы.

Прыхільнікі абодвух прэтэндэнтаў на старшыню выступаюць за актыўны ўдзел сябраў Маладога Фронту у будучых мясцовых выбарах, тым больш, што верагоднасьць іх правядзеньня рэзка ўзрастае пасьля нядаўніх рэзкіх заяваў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна на адрас беларускага кіраўніцтва. І адпаведна зьмяншаецца верагоднасьць правядзеньня Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму па пытаньнях інтэграцыі й працягу сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

У выніку падчас галасаваньня па кандыдатуры старшыні зь мінімальнай перавагай (89 галасоў — за, 71 — супраць) перамог Павал Севярынец. Дэлегаты Сойму, аднак, падтрымалі канцэпцыю стратэгіі і арганізацыі на будучыню, прапанаваную Вадзімам Саранчуковым.

Маладафронтаўцы таксама прынялі заяву ў падтрымку журналістаў газэты “Пагоня” Міколы Маркевіча й Паўла Мажэйкі, суд над якімі адбываецца ў Горадні.