ГАЗПРАМ АДМАЎЛЯЕЦЦА АД ПАСРЭДНІЦТВА “ІТЭРЫ” Ў ПАСТАЎКАХ ГАЗУ КРАІНАМ СНД

Сяргей Шупа, Прага

Пасьля некалькіх гадоў сталых нараканьняў з боку інвэстараў і эканамістаў расейскі газавы манапаліст – кампанія “Газпрам” - абвясьціла, што паспрабуе адваяваць страчаныя пазыцыі ў Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

У панядзелак старшыня ўправы Газпраму Аляксей Мілер абвясьціў, што даччынаму прадпрыемству Газпраму – “Межрэгіёнгазу” – даручана на працягу месяца падаць пляны паставак газу ў краіны СНД і Балтыі.

Гэтая пастанова выклікала ў аналітыкаў пытаньне – ці не азначае яна канец супрацоўніцтва зь “Ітэрай” – таямнічай прыватнай фірмай, якая, пачаўшы ў 1994 годзе гандляваць туркмэнскім газам, ператварылася за гэтыя гады ў найбуйнейшага гандляра газам на тэрыторыі СНД.

Найбольш зьдзіўленьня выклікае факт, што Мілер чакаў з заявай, якая закранае Ітэру, аж так доўга. Аналітыкі зварачалі ўвагу на тое, што Ітэра не адзін год стварала Газпраму праблемы – гэтая прыватная кампанія працавала непразрыста, ведучы дзейнасьць пераважна ў краінах СНД, яна мае офіс у амэрыканскім штаце Флорыда.

Наагул, дачыненьні паміж “Ітэрай” і Газпрамам увесь гэты час былі вельмі дзіўныя. Гандлюючы з краінамі СНД, “Ітэра” ўжывае газпрамаўскія трубацягі і газпрамаўскі газ. Яна набывала ў Газпраму акцыі газавых радовішчаў за заніжаныя кошты. Краіны СНД, якія зьвярталіся да Газпраму ў справе паставак, адразу скіроўваліся да “Ітэры”, хоць Газпрам сам займаецца імпартам па-за межы СНД. Чаму гэтак адбывалася – ніхто ніколі не казаў.

І вось на мінулым тыдні адзін з дробных акцыянэраў газпраму – дырэктар фірмы Hermitage Capital Management Уільям Браўдэр – зладзіў брыфінг, падчас якога зьвярнуў увагу на страты, якія спрычыняе Газпраму кампанія “Ітэра”. Браўдэр падлічыў, што Газпрам страціў больш за мільярд даляраў гадавога прыбытку, якія дасталіся “Ітэры” - зь іх 688 мільёнаў даляраў ва Ўкраіне, 111 мільёнаў даляраў у Казахстане і 99 мільёнаў у Азэрбайджане.

Прамысловы бюлетэнь “Аргус” на гэтым тыдні паведаміў, што летась на пастаўках ва Ўкраіну “Ітэра” зарабіла 1 мільярд 700 тысяаў даляраў, 150 мільёнаў – на пастаўках у Беларусь і 100 мільёнаў – у балтыйскія краіны.

Былы кіраўнік Газпраму Рэм Вяхіраў пяць гадоў таму даў Ітэры поўную свабоду дзеяньняў на тэрыторыі СНД. Адной з прычынаў гэтага былі няўплаты і крадзяжы, а “Ітэра” якраз славілася здольнасьцю выбіваньня грошай.

“Аргус” згадвае яшчэ адну магчымую прычыну ўздыму “Ітэры” – шмат хто гаворыць пра асабістыя сувязі з гэтай кампаніяй былых кіраўнікоў Газпраму. “Ітэра” заўсёды абвяргала гэтыя чуткі, аднак аналітыкаў гэтыя абвяржэньні ня надта пераконвалі.