У ВАРШАВЕ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ ПРАЕКТУ “ЦАЦАЧНАЯ КРАМА” ЗЬМІТРА ВАЙЦЮШКЕВІЧА

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Для Зьмітра Вайцюшкевіча гэта быў далёка ня першы, як у складзе “Палацу”, “Крыві”, так і сольны, канцэрт за мяжой. Аднак выступ у Варшаўскім Малым Тэатры мае асаблівае значэньне для музыкі.

(Вайцюшкевіч: ) “Па-першае, гэта афіцыйная польская прэм’ера праекту – вынік сумеснай працы беларускіх і польскіх творцаў. Мне здаецца, што ніколі дагэтуль такога ўзаемапранікненьня у сумеснай працы не было.

“Цацачная крама” – гэта праект, які мусіць увесь час удасканальвацца, мець новыя формы. Таму я вельмі шчасьлівы, што ў нас ёсьць магчымасьць паказаць новую форму гэтага праекту і палякам, і беларусам, якія тут жывуць”.

У часе паўтарагадзіннага канцэрту слухачам была прадстаўленая ўся праграма праекту “Цацачная крама”, а таксама некалькі народных песень. Шэраг партыяў цацак з “Крамы” Зьміцера Вайцюшкевіча пераклаў і выканаў па-польску легендарны варшаўскі бард Яцэк Клейф.

Што ж прыцягнула такога вядомага ў Польшчы чалавека да супрацоўніцтва зь беларускімі музыкамі? Гаворыць Яцэк Клейф:

(Клейф: ) “Я пазнаёміўся са Зьміцерам у Польшчы ў часе ягонага канцэрту. Ён проста геніяльны фолькавы музыкант. Я таксама люблю гэтую музыку, і менавіта музыка прыцягнула мяне да ўдзелу ў ягоным праекце”.

Слухачы, якія амаль да адказу запоўнілі залю Малога Тэатру на Маршалкоўскай, віталі беларускіх музыкаў вельмі горача, так што група Зьміцера Вайцюшкевіча сьпявала на біс.