РАБОЧЫХ ГОМЕЛЬСКАГА “КАМІНТЭРНУ” ВЫПРАВІЛІ Ў АДПАЧЫНАК

Казімер Яноўскі, Гомель

Акцыянэрнае таварыства “Камінтэрн” адрэзанае зараз ад зьнешняга сьвету. За няўплату адключаная большасьць тэлефонаў, у тым ліку і ў генэральнага дырэктара Вячаслава Лягчыліна. Як заяўляюць на прадпрыемстве, яго даўно няма на працоўным месцы.

Галоўны інжынэр Валянціна Заранік адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю на “Камінтэрне” і заяўляе, што прыпыненьне працы вытворчых цэхаў і многіх службаў зьвязанае з надыходам летняй пары адпачынкаў.

Рабочыя па-іншаму глядзяць на сытуацыю.

(Рабочая: ) “Заробак даюць нясвоечасова, нестабільная праца. У адпачынак, я думаю, пайшлі таму, што працы няма. У асноўным мы шыем для фірмаў зь іхнай тканіны, а сваёй працы ў нас няшмат”, — сказала адна з рабочых “Камінтэрну”, якая прасіла не называць яе імя.

Як удалося высьветліць, за пяць месяцаў гэтага году “Камінтэрн” пашыў меней за 60% мужчынскіх гарнітураў, калі параўнаць зь леташнім.

Ад паслугаў гомельскіх швейнікаў адмовілася ангельская фірма. Беларускі гандаль бярэ гарнітуры “Камінтэрну”, але своечасова не разьлічваецца. Асабліва гэта датычыць спажывецкай каапэрацыі.

І швейнікі, і гандляры адзначаюць рэзкае падзеньне пакупніцкай здольнасьці грамадзянаў краіны. Купіць гарнітур за 70–90 тысяч рублёў — вялікая раскоша для беларускіх мужчынаў.

Не выручае і расейскі рынак. Выканаўца абавязкаў начальніка аддзелу маркетынгу і збыту Аляксандар Барадулін распавёў, што ў Расеі гомельскія гарнітуры становяцца неканкурэнтаздольнымі з прычыны высокага кошту. Да таго ж прабіцца на тамтэйшы рынак зусім няпроста.

(Барадулін: ) “У Расеі ўсё прыватызавана. Усе прадпрыемствы гандлю прыватызаваныя. У іх доўгатэрміновыя дамовы з пастаўшчыкамі. Каб улезьці ў гэтую сыстэму, патрэбныя велізарныя высілкі, а свайго фірмовага гандлю ў Расеі мы ня маем. Гэта для нас вельмі дорага — утрымліваць фірмовыя крамы”.

Нягледзячы на зьніжэньне рэалізацыі гарнітураў, адсутнасьць сродкаў на тканіну, іншыя матэрыялы, беларускія ўлады патрабуюць ад прадпрыемства нарошчваць аб’ёмы прадукцыі, каб мець добрую статыстыку. На апошнім паседжаньні аблвыканкаму з удзелам віцэ-прэм’ера Сяргея Сідорскага дырэктар “Камінтэрну” спадар Лягчылін быў папярэджаны, што пазбавіцца пасады, калі за шэсьць месяцаў не дасягне леташняга ўзроўню выпуску гарнітураў.