ВЯРХОЎНЫ САВЕТ БЕЛАРУСІ 13-ГА СКЛІКАНЬНЯ ІНІЦЫЮЕ СЛУХАНЬНІ АБ ЛЁСЕ ЗЬНІКЛЫХ БЕЛАРУСКІХ ГРАМАДЗКІХ ДЗЕЯЧОЎ

Уладзімер Глод, Менск

Сёньняшняе паседжаньне пачалося незвычайна — апошнім, 27-м, у залю ўвайшоў Андрэй Клімаў. Дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, некаторыя зь якіх ня бачылі спадара Клімава чатыры гады, сустрэлі яго авацыяй. Андрэй Клімаў сказаў літаральна некалькі словаў. Па-першае, адзначыў, што яму вельмі прыемна пабачыць, што Вярхоўны Савет яшчэ існуе. І па-другое, паводле Андрэя Клімава, вялікая частка грамадзтва зьвязвае свае надзеі менавіта зь Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня. Невыпадкова, сказаў Андрэй Клімаў, на зоне да яго зьвярталіся часам проста “дэпутат”.

Лёс Віктара Ганчара і Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага быў сёньня ў цэнтры ўвагі дэпутатаў. Яны аднагалосна вырашылі наступнае паседжаньне прысьвяціць адмысловым слуханьням аб лёсе зьніклых. На яго дэпутаты пастанавілі запрасіць парлямэнтароў з розных краінаў, найперш суседніх, а таксама прадстаўнікоў міжнародных праваабарончых арганізацыяў.

Падобна на тое, што Вярхоўны Савет вырашыў зноўку заявіць пра сваю актыўную дзейнасьць. У прыватнасьці, вырашана правесьці пад эгідай Вярхоўнага Савету адмысловыя слуханьні наконт выбараў у мясцовыя органы ўлады, а таксама вялікі форум з нагоды першай гадавіны апошніх прэзыдэнцкіх выбараў.

На гэтым паседжаньні былы старшыня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь Станіслаў Багданкевіч выступіў з аглядам сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне. Зь ягоных словаў вынікае, што Беларусь ня мае магчымасьці сёлета пераадолець стагнацыю. Адсутнасьць сродкаў, неканкурэнтаздольнасьць прадукцыі вымусяць правесьці грашова-крэдытную эмісію беларускага рубля. Прафэсар прагназуе, што інфляцыя замест 20–27% складзе дзесьці 70–100%. А кошт аднаго амэрыканскага даляру ўзрасьце прыкладна да 3 тысяч беларускіх рублёў. Каб гэтага не здарылася, беларускім уладам неабходна знайсьці за межамі краіны прыкладна 300–500 мільёнаў даляраў.