У ВАРШАВЕ АДБЫЛІСЯ ДЭБАТЫ “ЎСХОДНЯЯ ПАЛІТЫКА ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ ПАСЬЛЯ ПАШЫРЭНЬНЯ”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Спадар Ламэрс, па пашырэньні Эўразьвязу каля ўсходняй мяжы аб’яднанай Эўропы апынецца антыдэмакратычная дзяржава, дзе зьнікаюць апазыцыйныя дзеячы, а улады гэтай дзяржавы, паводле шматлікіх паведамленьняў у прэсе, гандлююць зброяй з “бандыцкімі краінамі”. Што Эўразьвяз будзе рабіць з такім суседам?”

(Ламэрс: ) “Канешне, Эўрапейскі Зьвяз будзе рабіць усё магчымае, каб супрацьстаяць гэткім паводзінам Беларусі. Аднак трэба разумець, што нашыя магчымасьці таксама абмежаваныя. Мы будзем намагацца разам са Злучанымі Штатамі паўплываць на Расею, каб тая ў сваю чаргу націснула на беларускі рэжым, каб ён не падтрымліваў тэрарыстычныя краіны”.

(Дзікавіцкі: ) “А якія яшчэ перамовы вядуцца паміж Эўразьвязам і Расеяй у справе Беларусі?”

(Ламэрс: ) “Як вы ведаеце, нядаўна Лукашэнка не прыняў высокага прадстаўніка Эўразьвязу спадара Хаўера Саляну і нават не схацеў гаварыць зь ім па тэлефоне. Таму зараз размовы зь Беларусьсю адбываюцца выключна на працоўным узроўні. Ніводзін з кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу не падтрымлівае кантактаў з Лукашэнкам. А калі гаварыць пра перамовы паміж Масквой і Эўразьвязам адносна Беларусі, дык я ня ведаю, ці ў дадзены момант вядуцца такія размовы. А нават калі б і вяліся, дык напэўна было б лепш, каб пра іх ніхто ня ведаў”.

(Карэспандэнт: ) “Афіцыйны Менск робіць усё, каб не дазволіць працаваць у Беларусі місіі АБСЭ. Што будзе рабіць у гэтай справе Эўразьвяз?”

(Ламэрс: ) “Так, менавіта аб гэтым павінен быў размаўляць з Лукашэнкам Хаўер Саляна, аднак, як я ўжо сказаў, размова не адбылася па віне беларускага боку. Калі гэты канфлікт ня ўдасца ўрэгуляваць, дык трэба будзе падумаць аб эканамічных санкцыях. Аднак, калі паглядзець на гандлёвыя кантакты паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу, дык яны нязначныя. І яшчэ варта памятаць, што любыя эканамічныя санкцыі ў першую чаргу адбіваюцца на жыцьці простых грамадзянаў, а не рэжыму, які пануе ў краіне. Таму насамрэч мажлівасьцяў у нас няшмат”.

(Карэспандэнт: ) “Апошнім часам часта можна пачуць меркаваньне, што Захад патаемна аддаў Беларусь у сфэру расейскіх уплываў, узамен на пэўныя саступкі з боку Крамля. Што Вы аб гэтым думаеце?”

(Ламэрс: ) “Ня ведаю, ці сапраўды такі, так бы мовіць, абмен быў зроблены. Я ня веру, каб існавала такога кшатлту дамоўленасьць. З другога боку, я не магу сабе ўявіць, якая была б цана за такія дзеяньні Эўразьвязу. Але я, натуральна, ведаю, што такія тэорыі аб тайнай дамове існуюць. На маю думку, яны спавадаваныя тым, што і ў Заходняй Эўропе, і ў Амэрыцы замала ўвагі надаецца Беларусі. А шкада”.