ПЭРФОРМАНС "ЗУБРОЎЦАЎ" НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Да пасёлка Ялізава на пэрформанс прыехалі некалькі дзясяткаў зуброўцаў. Пасьля іхнага ад'езду жыхары пасёлка са зьдзіўленьнем знаходзілі на дубах прышпіленыя партрэты Аляксандра Лукашэнкі — той усьміхаўся і трымаў у руках чарку, пад якой стаяў подпіс: "Вып'ем за здароў'е. За маё".

Як сьцьвярджаюць хлопцы, яны хацелі падкрэсьліць, што спадар Лукашэнка дбае пра ўласную кішэню, а не пра дабрабыт беларускага народу, што беларусы часта ня могуць знайсьці грошы на абяцаную ім чарку і шкварку.

Падчас сходу ўдзельнікі руха супраціву "Зубр" казалі пра праблемы незарэгістраванай арганізацыі. Распалілі вогнішча, абмяркоўвалі сытуацыю ў краіне і дзяліліся плянамі на будучыню.

На гэты раз абышлося без затрыманьняў. Мясцовыя жыхары кажуць, што міліцыянты, якія прыехалі ў Ялізава, пабачылі каля гарадзкога пасёлка толькі рэшткі вогнішча ды партрэты Аляксандра Лукашэнкі. Галоўных ініцыятараў гэтай акцыі так і не знайшлі.

Як паведаміў жыхар пасёлка Альберт Яўменаў, гэты ўчынак выклікаў розгалас сярод людзей, асабліва сярод мясцовых рыбакоў, якія першымі пабачылі тыя партрэты.