ДВА БЕРАСЬЦЕЙСКIЯ МIЛIЦЫЯНТЫ ПРЫСУДЖАНЫЯ ДА ПАЗБАЎЛЕНЬНЯ ВОЛІ ЗА ЗЬБІЦЬЦЁ ЖЫХАРА ГОРАДУ

Алег Супрунюк, Берасьце

Судовы працэс над цяпер ужо былымi супрацоўнiкамi аддзелу крымiнальнага вышуку Берасьцейскага райаддзелу ўнутраных справаў Iгарам Малахавым i Русланам Кавальчуком адбываўся ў судзе Ленiнскага раёну Берасьця. Падставай для суду была крымiнальная справа, ўзбуджаная супраць мiлiцыянтаў паводле артыкулу 426-га Крымiнальнага кодэксу Беларусi ("перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў").

Як засьведчыла сьледзтва, што праводзiлася супрацоўнiкамi Берасьцейскай транспартнай пракуратуры, 24 лiстапада мiнулага году Малахаў i Кавальчук знаходзiлiся на чыгуначным вакзале Берасьця, дзе праводзiлiся "апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы". Падчас гэтых "мерапрыемстваў" мiлiцыянтам не спадабалiся паводзiны грамадзянiна Барысенкi, і яны яго вырашылi адвезьцi ў пастарунак. За свайго сябра заступiўся жыхар Берасьця Андрэй Хроль. Ён паспрабаваў высьветлiць у мiлiцыянтаў, за што затрымлiваюць Барысенку. Але замест адказу супрацоўнiкi крымiнальнага вышуку пачалi жорстка зьбiваць спадара Хроля. Пазьней высьветлiлася, што яму нанесеныя шматлiкiя цялесныя пашкоджаньнi, сапсаванае адзеньне i зламаны радыётэлефон.

Пасьля здарэньня Андрэй Хроль зьвярнуўся з заявай у мясцовы аддзел унутраных справаў на транспарце з патрабаваньнем распачаць крымiнальную справу. Калi пра гэту гiсторыю стала вядома кiраўнiкам берасьцейскай мiлiцыi, распачалося ўласнае службовае расьледаваньне. У вынiку Iгар Малахаў быў звольнены з праваахоўчых органаў, а Руслан Кавальчук прыцягнуты да дысцыплiнарнай адказнасьцi. На момант абвяшчэньня прысуду ён усё яшчэ працаваў у мiлiцыi на пасадзе экспэрта крымiналiстычнага цэнтру ўпраўленьня ўнутраных справаў аблвыканкаму.

Растлумачыць гэта можна толькi тым, што кiраўнiкi берасьцейскай мiлiцыi ня верылi ў абвiнаваўчы вырак суду. Але Руслана Кавальчука суд пакараў пазбаўленьнем волi тэрмiнам на тры гады, а Iгара Малахава – на чатыры. Паводле зьвестак з мiлiцэйскiх структураў, абодва яны зьбiраюцца абскарджваць гэтае судовае рашэньне.