“НАРОДНАЯ ГРАМАДА” ШУКАЕ ПРЫХІЛЬНІКАЎ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ

Казімер Яноўскі, Гомель

У 21 раёне Гомельшчыны існуе толькі шэсьць суполак сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”. Лідэр партыі Мікалай Статкевіч лічыць, што пацярпелыя ад Чарнобылю раёны, якія жывуць за кошт грашовых датацыяў зь бюджэтаў вобласьці і краіны, традыцыйна схіляюцца да ўлады. Але гэта не азначае, што ідэі сацыял-дэмакратыі насельніцтву чарнобыльскіх раёнаў чужыя.

Распавядае Мікалай Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Я думаю, што ідэя сацыяльнай справядлівасьці для гэтага рэгіёну, які так пацярпеў ад Чарнобылю, найбольш блізкая. Але тут заўсёды праблема ў канкрэтных людзях. На жаль, з гарадоў, якія знаходзяцца ў чарнобыльскай зоне, вельмі шмат актыўных людзей зьехала. У цэнтры ж любой арганізацыі стаіць гэткі чалавек-матор – энэргічны чалавек, які ня толькі нясе пэўную ідэалёгію, але і зьяўляецца арганізатарам”.

Цягам двухдзённай паездкі па рэгіёне лідэр “Народнай Грамады” ўжо знайшоў сваіх новых прыхільнікаў у Жыткавічах і Мазыры. У апошнім горадзе да сацыял-дэмакратаў далучыўся нават старшыня Свабоднага прафсаюзу нафтаперапрацоўчага заводу Юры Швец.

На думку актывістаў “Народнай Грамады”, сувязь з прафсаюзамі дасьць большы прыток у партыю працоўнага люду, а ўдзел у выбарах падвысіць ейны аўтарытэт сярод насельніцтва — гэта асабліва важна. Сацыял-дэмакраты не выключаюць, што Аляксандар Лукашэнка захоча падоўжыць свой тэрмін паўнамоцтваў. Меркаваньне на гэты конт спадара Статкевіча:

(Статкевіч: ) “Цяпер толькі 25% насельніцтва падтрымлівае спадара Лукашэнку. Гэта найбольш дакладныя зьвесткі сацыялягічных інстытуцыяў, якія нам вядомыя. Аднак звыш 60% не падтрымлівае нікога. Такім чынам, поле пустое, і яго трэба займаць. Галоўная мэта — стварэньне ў вачах насельніцтва альтэрнатывы гэтай уладзе, і асабліва перад тым, што спадар Лукашэнка хутчэй за ўсё пойдзе на рэфэрэндум адносна працягу сваіх паўнамоцтваў. Людзі павінны, калі яны будуць змагацца супраць, ведаць альтэрнатыву, навошта ім трэба гэта рабіць”.