СЬМЕРЦЬ ІГАРА ГЕРМЕНЧУКА ДЛЯ МНОГІХ ЛЮДЗЕЙ БЫЛА НЕЧАКАНАЙ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Сьмерць Ігара Герменчука стала нечаканасьцю для ўсіх, хто яго ведаў. Яго запомнілі маладым, таленавітым, энэргічным, поўным творчых плянаў. Усе, з кім я размаўляў сёньня, узгадвалі надзвычайную працаздольнасьць Ігара Герменчука й ягонае ўменьне рэалізоўваць самыя складаныя праекты.

Гаворыць калега Ігара, зь якім яны разам працавалі ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, прэсавы сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" Лявон Дзейка:

(Дзейка: ) "Зь Ігарам Іванавічам я знаёмы з 1990 году, калі пачалася нашая сумесная дзейнасьць у Вярхоўным Савеце Беларусі. Найбольш мне запомнілася ягоная заўсёдная загружанасьць. І дэпутацкімі, і журналісцкімі, і выдавецкімі справамі. Ён заўсёды некуды сьпяшаўся. Гэта быў чалавек такой рэдкай пароды, які, як лякаматыў, цягнуў за сабою цэлы цягнік, дзе вагонамі былі дэпутацкія, журналісцкія, рэдактарскія абявязкі, а таксама абавязкі дзеяча БНФ.

Акрамя ўсяго гэтага, ён быў аптымістам. Ён ніколі ня быў такім жыцьцярадасным аптымістам, проста Ігар быў перакананы, што ўсяго можна дамагчыся, але трэба працаваць, працаваць і працаваць.

Я зусім нядаўна даведаўся, што Ігар Іванавіч цяжка хворы, і шанцаў выбрацца з хваробы, мабыць, ужо й не было. Як гэта адбываецца рана, як не да часу. Такіх людзей менавіта зараз не хапае нашай беларускай справе. Людзі, што пайшлі ў апошнія гады, такія як Міхась Ткачоў, Анатоль Майсеня, Генадзь Карпенка, Ігар Гермянчук — такіх людзей і раней бракавала. А зараз іх адсутнасьць робіцца вялікай праблемай для нашага беларускага руху".

Рэдактар закрытай уладамі газэты "Пагоня" Мікола Маркевіч яшчэ нядаўна тэлефанаў свайму сябру з Горадні ў Менск і ў адказ на пытаньне: "Як справы, Ігар?" пачуў: "Кепска, Мікола". Маркевіч быў уражаны, бо ніколі Гермянчук ня скардзіўся, што яму кепска. Рэдактар "Пагоні" паабяцаў сябру адведаць яго на пачатку траўня, але не пасьпеў. Гаворыць Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) "Невыцерпна шкада, што з жыцьця сыходзяць найлепшыя. Тое, што ён рабіў, рабіў эталённа, прафэсійна. Я разумею, што перад Госпадам Богам яму ня будзе сорамна за гэтыя 40 гадоў жыцьця. Ён вельмі ганарова й прыстойна пражыў гэтае жыцьцё.

Я проста шакаваны тым, што здарылася. Я лічу, што ён шмат зрабіў ня толькі для "Свабоды" й "Кур'еру". Ён быў настаўнікам і для "Пагоні", таму што толькі ён мог паказаць кірунак газэты, яе пазыцыю. Азіраючыся, я кажу, што гэта была яркая асоба, якая прынесла шмат карысьці, і яшчэ больш магла прынесьці, але, на вялікі жаль, Бог забірае найлепшых".

Разьвітаньне зь Ігарам Герменчуком пройдзе заўтра з 12 да 14 гадзіны ў менскім Палацы мастацтваў. Пахаваюць Ігара на Ўсходніх могілках беларускай сталіцы.

У 41-гадовага Ігара Герменчука засталася ўдава й непаўнагадовы сын Міраслаў.