НАВІНЫ НАВУКІ

Віталь Цыганкоў, Прага

Паветра, што выдыхаюць зламысьнікі, асядае на прадметах – напрыклад, на тэлефонных слухаўках. Гэтыя мікраскапічныя часьцінкі зьбіраюцца для аналізу і дасьледуюцца. Як мяркуюць, галоўная складанасьць новага мэтаду – захаваць месца злачынства некранутым да прыезду экспэртаў. Магчыма, цяпер сьледчыя брыгады будуць працаваць на месцы злачынства ў адмысловых масках і адзеньні. Паліцэйскія прадстаўнікі пакуль настроеныя даволі скептычна да новага мэтаду.

Астэроід дыямэтрам больш за 1 кілямэтар і масай да 10 мільярдаў тонаў можа зваліцца на Зямлю 16 сакавіка 2880 году. Паводле падлікаў, якія правялі ў Каліфарнійскім тэхналягічным інстытуце ў Пасадэне, верагоднасьць гэтай падзеі – адзін шанец да трохсот. Ніколі яшчэ рызыка сутыкненьня з такім буйным астэроідам не была такой вялікай. Сутыкненьне можа выклікаць гіганцкія пажары, цунамі і нават зьмену клімату на плянэце. Аднак у гісторыі зямлі былі катастрофы і страшнейшыя – астэроід, пасьля падзеньня якога вымерлі дыназаўры, быў у 16 разоў большы. Зрэшты, варта паведаміць, што самы верагодны варыянт касьмічнай сустрэчы зводзіцца да таго, што Зямля і астэроід зблізяцца на 290 тысяч кілямэтраў і разьмінуцца. Да таго ж за 878 гадоў людзі што-небудзь прыдумаюць.

Праз 10 гадоў зьявіцца трохмернае тэлебачаньне з крышталяў, а таксама супэркампутары, якія будуць магутнейшыя за цяперашнія ў мільёны разоў і будуць захоўваць у мільярды разоў больш інфармацыі. Падобнае да тэлевізару прыстасаваньне будзе ствараць аб’ёмную выяву. Каманда дасьледчыкаў з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Лос Анджэлесу вынайшла прыладу, пры дапамозе якой можна кантраляваць ўзаемадзеяньне прызрыстых крышталічных матэрыялаў у цьвёрдым і жыдкім стане. Прамяні сьвятла, што нясуць інфармацыю і выяву, праходзячы праз гэтыя матэрыялы, могуць прымаць любую форму, а часткі крышталяў мяняюць яркасьць і колер.

Японскія спэцыялісты распрацавалі піўны келіх, які можа самастойна паклікаць афіцыянта, калі ў ім заканчваецца піва. Інжынэры канцэрну “Mitsubishi” умантавалі ў дно кубка мікрапрацэсар і радыёперадатчык, а ў сьценкі – празрыстую фальгу, якая дзейнічае як кандэнсатар. Калі кубак пусьцее, прылада дасылае радыёсыгнал у бар. Кожны келіх мае свой уласны нумар, і афіцыянт ведае, да якога століку ён павінен падысьці. На думку Рональда Коўла, спэцыяліста ў галіне грамадзкага харчаваньня з унівэрсытэту штату Дэлавэр, электронны кубак чакае шалёны посьпех, бо менавіта доўгае чаканьне афіцыянта ўспрымаецца наведнікамі як галоўны недахоп абслугоўваньня.