НАВІНЫ МЭДЫЦЫНЫ

Віталь Цыганкоў, Прага

Дасьледаваньні, праведзеныя ў Кітаі, паказалі, што аматары гарбаты хварэюць на рак удвая радзей за тых, хто яе зусім ня п’е. Найбольш карыснай прызналі зялёную гарбату. Аднак жа прафэсар Томас Лобэр у інтэрвію “BBC” заявіў, што абарончы эфэкт гарбаты яшчэ канчаткова не даказаны, для гэтага патрэбныя новыя шырокамаштабныя дасьледаваньні.

Навукоўцы даказалі, што заіканьне можна вылечыць пігулкамі. Выявілася, што прычынай заіканьня зьяўляюцца хутчэй фізіялягічныя парушэньні, а не псыхалягічныя. Таму й лячыць заіканьне трэба ўзьдзеяньнем на хімізм галаўнога мозгу. Такую тэорыю адстойвае прафэсар Джэральд Магуайр з Унівэрсытэту Каліфорніі, які мяркуе, што да гэтага захворваньня трэба ставіцца як да шызафрэніі альбо эпілепсіі. Тым ня менш, экспэрты Брытанскай асацыяцыі заіканьня сьцьвярджаюць, што непасрэдныя прычыны заіканьня па-ранейшаму ня выяўленыя.

Плястыр з абязбольвальным рэчывам, які лепіцца на дзясны, можа зрабіць лячэньне ў стаматоляга не такім балючым. Як высьветлілі навукоўцы з Унівэрсытэту штату Агаё, плястыр дзейнічае больш эфэктыўна за гель – анэстэзія глыбей трапляе ў тканкі. Аднак новы сродак мае і недахопы – эфэкту абязбольваньня даводзіцца чакаць 15 хвілінаў, а гель дзейнічае за 30 сэкундаў. Да таго ж плястыр даражэй каштуе.

Знайшлі спосаб прагназаваць небясьпечныя ўскладненьні падчас цяжарнасьці. Просты аналізам крыві можа за адзін дзень прадказаць магчымасьць зьяўленьня прээклямпсіі. Гэта стан рэзкага падвышэньня артэрыяльнага ціску, якое можа прывесьці да сутаргаў ды іншых ускладненьняў. Аказваецца, небясьпеку прээклямпсіі можна папярэдзіць элемэнтарным тэстам на вызначэньне ўзроўню бялка, які трэба зрабіць на пачатку цяжарнасьці. Дарэчы, тоўстыя жанчыны маюць значна большую рызыку разьвіцьця гэтай хваробы.

І чарговая інфармацыя на вечную тэму. Паўгадзіны памяркоўнай фізычнай актыўнасьці штодня цалкам дастаткова, каб напалову зьнізіць рызыку захворваньняў, зьвязаных з малаактыўным ладам жыцьця, – гэта хваробы сэрца, дыябэт і атлусьценьне. Менавіта такая мэта пастаўленая Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя для барацьбы з гіпадынаміяй у разьвітых краінах. 60–85% дарослага насельніцтва ў гэтых краінах мала рухаюцца, і недахоп актыўнасьці прыводзіць да 2 мільёнаў сьмерцяў штогод. Самым простым спосабам павелічэньня фізычнай актыўнасьці могуць быць шпацыры, язда на ровары, а таксама пад’ём па лесьвіцы замест карыстаньня ліфтам.